На сталічнай Камароўцы разагналі пікет салідарнасці з палітвязнямі
Удзельнікаў акцыі затрымалі.
Пікет ладзіла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу арганізацыі, затрымалі каля 10 чалавек, у тым ліку лідара АГП Анатоля Лябедзьку, старшыню беларускага аддзялення міжнароднага таварыства “Мемарыял” Уладзіміра Раманоўскага, кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, іх давераных асобаў. Разам з імі затрыманы відэааператар Алесь Сіліч.
Пікет пачаўся а 10.40. Актывісты АГП трымалі партрэты 10 палітвязняў, а таксама зніклых — Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Ужо да пачатку пікета, які быў узгоднены з уладамі як перадвыбарчы, на пляцоўцы ля Камароўскага рынку знаходзілася вялікая колькасць прадстаўнікоў сілавых структур, большасць у цывільным, а таксама актывісты БРСМ.
Адразу ж пачалася праверка дакументаў у пікетчыкаў, а праз 15 хвілінаў пасля пачатку пікету пад’ехаў аўтобус, куды пагрузілі ўсіх затрыманых.
У фотажурналіста АГП Генадзя Верацінскага з фотаапарату забралі картку памяці.