На судзе па "справе Аўтуховіча" абвінавачаная кажа пра невыносныя ўмовы ў СІЗА
У гродзенскай турме працягваецца суд над "групай Аўтуховіча" і сёння там паказваюць відэадопыты абвінавачаных, піша "СБ. Беларусь сегодня".
Пракурор хадайнічала аб праверцы паказанняў Ірыны Мельхер. Жанчына прызнала сваю віну толькі ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваных пратэсных акцыях у Брэсце. Пра планы Аўтуховчіа яна, па яе словах, не ведала. Сутнасці абвінавачання не разумее, таму не згодная.
Раней яна расказала суду, што ўлетку 2020 года Мікалай Аўтуховіч папрасіў яе зарэгістраваць на сябе сім-карту. Па звестках абвінавачання, Аўтуховіч патлумачыў Мельхер, што карткі, якія прадаюцца свабодна, стаяць на праслухоўцы.
Таксама ў судзе быў зачытаны эсэмэска Мельхер да Аўтуховіча: "На нашым Р ёсць К". Пенсіянерка патлумачыла, што Р — гэта скарочана "рынак", а к — "курткі". Маўляў, Аўтуховіч папрасіў купіць мужчынскую куртку, бо яе гандлёвая кропка размяшчаецца на рынку.
На відэа падчас допыту пажылая жанчына скардзіцца на 40-градусную спякоту і кажа, што ў такіх умовах нават не можа ўспомніць сваё імя.
Таксама на судзе, адказваючы на пытанне Аўтуховіча, яна заявіла пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў СІЗА і выказала асцярогу, што ёй могуць своечасова не аказаць медыцынскую дапамогу.
67-гадовая Ірына Мельхер можа быць асуджаная па ч.1 арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.