На тэрыторыі Беларусі ў вучэннях "Захад-2021" будуць удзельнічаць 12 800 чалавек
Брыфінг Мінабароны па вучэннях "Захад-2021" / Міністэрства абароны
На тэрыторыі Беларусі ў сумесных стратэгічных вучэннях "Захад-2021" задзейнічаюць каля 12 800 чалавек.
У гэты лік уваходзіць каля 2,5 тысяч вайскоўцаў з Расіі і да 50 чалавек — з Казахстана. Усе яны прадстаўляюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ.
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Мінабароны Беларусі на брыфінгу з удзелам прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваных у краіне.
Раней Еўрарадыё паведамляла, што вайскоўцы з Беларусі і Расіі ў чацвер, 9 верасня, правядуць цырымонію адкрыцця вучэнняў "Захад-2021"
Сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2021" пройдуць з 10 па 16 верасня на палігонах дзвюх краін і ў паўднёвай частцы Балтыкі.
Усяго ў манеўрах задзейнічаюць да 200 тысяч чалавек, каля 80 самалётаў і верталётаў, да 760 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 290 танкаў, 240 гармат, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў, а таксама да 15 караблёў.
Вучэнні, паводле заяваў абаронных ведамстваў РБ і РФ, носяць асабліва абарончы характар. У пачатку верасня Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заклікаў Расію адкрыта расказаць пра вучэнні "Захад-2021" і іх мэты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.