На тысячу жыхароў Міншчыны прыпадае 434 кватэры
На аднаго жыхара вобласці ў сярэднім прыпадае 28,4 квадратных метра жылля.
Забяспечанасць жыллём насельніцтва Мінскай вобласці за пяць гадоў павялічылася на 8,4%. Пра гэта БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела статыстыкі паслуг і дэмаграфічнай статыстыкі галоўнага статупраўлення Міншчыны Ларыса Петрашкевіч.
Згодна з інфармацыяй спецыяліста, на 1 студзеня сёлета ў Мінскай вобласці ў сярэднім на аднаго жыхара рэгіёна прыпадала 28,4 квадратных метраў жылля. Найбольш высокі ўзровень такой забяспечанасці ў сельскай мясцовасці — 33,2 квадратных метра. У гарадах паказнік ніжэйшы — 24,7.
Сярод раёнаў па гэтым паказніку лідуюць Мінскі раён (36,1 квадратных метра), Крупскі (35,4), Клецкі (35), Капыльскі (35), Мядзельскі (34,2). Меней за ўсіх забяспечаныя агульнай плошчай жыхары горада Жодзіна (23 квадратных метра), Пухавіцкага (23,5), Барысаўскага (24,1) і Маладзечанскага (25) раёнаў.
На тысячу жыхароў вобласці на пачатак гэтага года прыпадала 434 кватэры, у тым ліку ў гарадах — 403, у вёсках — 474.
Сярод кватэр пераважаюць двухпакаёўкі — 35,3%. Доля трохпакаёвак складае 34%, аднапакаёвак — 17,9%, чатырохпакаёвак — 9,7%, а кватэр з пяццю пакоямі і болей налічвалася 3,1%.