На ўчастку ў Мінску разыходжанне паміж пратаколам і журналам — каля 200 чалавек
На 425-м выбарчым участку Дамброўскай выбарчай акругі ў Мінску назіральнікі заўважылі разыходжанне ў яўцы на датэрміновых выбарах. Разыходжанне паміж журналам ўліку выбаршчыкаў і афіцыйным пратаколам склала каля 200 чалавек. Так у журнале ўліку выбаршчыкаў запісана 280 чалавек, а ў выніковым пратаколе датэрміновага галасавання пазначана 568 чалавек, якія прынялі ўдзел у выбарах.
Разыходжанне пацвердзіла Еўрарадыё сябра камісіі Ядвіга Угольнік. Участак знаходзіцца ў сярэдняй школе № 159 Мінска.
Ядвіга Угольнік: "У суме не атрымоўваецца 568, каля 200 чалавек там, прыблізна, плюс-мінус".
Падобныя дадзеныя і ў незалежнага назіральніка Генадзя Быкава:
"Розніца ў два разы: у камісіі — 568, у нас — 279. Скаргі пададзеныя ва ўсе інстанцыі. Цяпер яўка 250 чалавек, на сёння".
Журналістам і палітыкам на чале з Віталём Рымашэўскім не паказалі журнал, у якім адзначаюць тых, хто прагаласаваў. Старшыня камісіі пры з'яўленні журналістаў пачала забараняць весці здымку і крычаць на сябра камісіі Ядвігу Угольнік.
Каб паразмаўляць з журналістамі, апошняя была вымушаная пакінуць сваё месца і выйсці на вуліцу. На месцы прысутнічалі назіральнікі ад місіі АБСЕ, якія зафіксавалі дадзеныя.
На месцы была таксама Вольга Кавалькова, якая ёсць спісе кандыдатаў у дэпутаты на гэтым участку.
"Камісіі ёсць што хаваць. Незалежным кандыдатам няма доступу да такіх фактаў. Старшыня камісіі не паказала нам журнал, абражала сябру камісіі, забараняла ёй выходзіць", — апісвае Вольга Кавалькова.
Цяпер палітыкі збіраюцца звярнуцца ў міліцыю і пракуратуру, каб праверылі такую розніцу ў колькасці прагаласаваўшых на гэтым участку.