На ўсходзе Беларусі рэкі выйшлі з берагоў
Рэкі ва Усходняй Беларусі выходзяць з берагоў / mogilev.mchs.gov.by
У некаторых раёнах Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей адзначаюцца затапленні рачнымі водамі, перадае БЕЛТА са спасылкай на Белгідрамет.
"Ледастаў з палонкамі і закраінамі захоўваецца на Дзвіне каля гарадскога пасёлка Сураж і аграгарадка Ула, на Дняпры каля Жлобіна, на Бярэзіне на ўчастку Беразіно — Светлагорск, на Сожы каля Слаўгарада", — кажуць у Белгідрамеце.
Спецыялісты дадаюць, што на азёрах і вадасховішчах захоўваецца лёд, але ў ім з'явіліся прасторы з адкрытай вадой, таксама ёсць вада на лёдзе. Яны папярэджваюць, што выходзіць на лёд цяпер вельмі небяспечна.
Працягваецца рост узроўняў вады на рэках басейнаў Дзвіны, Дняпра і Сожа — да 91 см, Бярэзіны — да 28 см, Віліі ды Прыпяці — да 19 см, Нёмана і Заходняга Буга — да 8 см.
На рацэ Проня (прытоку Сожа) каля вёскі Палятухі ўзровень вады на 19 см перавысіў небяспечную высокую адзнаку. Тут вада прыбывае па 12 см за суткі. Да небячспечных адзнак наблізіўся ўзровень вады на прытоках Прыпяці рэках Случ каля аграгарадка Ленін і Убарць каля вёскі Чырвонабярэжжа.
Мяркуецца, што ў бліжэйшыя суткі вада працягне прыбываць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.