На віцебскім вакзале знішчылі ўнікальныя вітражы з "Пагоняй" (фота)

Падчас рэканструкцыі чыгуначнага вакзала ў Віцебску знішчылі ўнікальны комплекс вітражоў з выявамі гербаў абласных гарадоў. Цэнтрам кампазіцыі быў вітраж з гербам “Пагоня” і надпісам “Беларусь” на бел-чырвона-белым фоне. Як паведамляюць "Народныя навіны Віцебска", вітражы на віцебскім вакзале былі ўсталяваныя ў першыя гады незалежнасці Беларусі і даўно мулялі вочы чыноўнікам сваёй “ідэалагічнай нявытрыманасцю”. Цяпер у будынак сярэдзіны XX стагоддзя ўсталёўваюць таніраваныя люстэркавыя вокны. Самі вітражы, па словах начальніка вакзала, “выкінутыя ў металалом”.

Не дэмантаванымі пакуль засталіся вітражы на фасадзе будынка, але хутка дабяруцца і да іх. Парэшткі былой прыгажосці можна назіраць на будаўнічай пляцоўцы. Ніхто не падбаў пра асцярожны дэмантаж адной са славутасцяў Віцебска. На гэтую складаную аперацыю не знайшлося ні грошай, ні жадання.



Фота: Народныя навіны Віцебска

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі