Нацбанк Беларусі вызначыўся з задачамі на 2024 год

Нацыянальны банк

Нацыянальны банк / sb.by

Нацыянальны банк Беларусі вызначыўся з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2024 год. Дакумент зацверджаны праўленнем Нацбанка. "У 2024 годзе Нацыянальны банк захавае пераемнасць палітыкі, якая праводзіцца, і засяродзіцца ў сваёй дзейнасці на забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці, фармаванні празрыстага і камфортнага бізнес-асяроддзя, павышэнні сацыяльных стандартаў і ўзроўню абароны насельніцтва ў фінансавай сферы", — гаворыцца ў дакуменце.

Улады Беларусі раней вызначылі для сябе задачу — сфармаваць умовы "для ўстойлівага эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, росту дабрабыту і павышэння якасці жыцця насельніцтва". Свой унёсак у вырашэнне гэтай задачы ў Нацбанку бачаць "ў падтрыманні цэнавай і фінансавай стабільнасці". Гэта дазволіць, лічыць рэгулятар, "захаваць пакупніцкую здольнасць даходаў і зберажэнняў грамадзян".

Мяркуецца, што інфляцыя ў 2024 годзе складзе не больш за 6%. Каб дасягнуць гэтай мэты, Нацбанк мае намер і далей рэгуляваць грашовую прапанову. "Прагназуецца, што сярэдняя шырокая грашовая маса павялічыцца на 11-15%, сярэдняя рублёвая грашовая маса — на 17-22%, рублёвая грашовая база — на 10-13%", — чакае Нацбанк.

Для недапушчэння рэзкіх ваганняў курсу беларускага рубля, а таксама каб папоўніць золатавалютныя рэзервы рэгулятар дапускае "правядзенне валютных інтэрвенцый". ЗВР на канец 2024 года павінны складаць не менш за 6 млрд долараў. Такі ж паказчык быў вызначаны і на 2023-ы год. Адзначым, што на 1 кастрычніка міжнародныя актывы Беларусі склалі 7,925 млрд долараў.  

Стаўка рэфінансавання прагназуецца на ўзроўні 9-9,5% гадавых у сярэднім за 2024 год. Цяпер гэты паказчык роўны 9,5%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі