Нацбанк не забараняе мець справу з “крыптой”, але перасцерагае ад “адмывання”
У “Банкаўскім весніку” апублікаваны даклад намстаршыні Нацыянальнага банка Сяргея Калечыца з вынікамі 2017 года і прагнозамі на 2018 год. У апошняй частцы тэкста Калечыц распавёў, як рэгулятар плануе ўплываць на абарот крыптавалютаў у Беларусі.
З тэкста бачна, што Нацбанк чакае праблемаў. Аперацыі з токенамі называюцца высокарызыкоўнымі. У звязку з імі згадваюцца спекуляцыі. А банкі, на думку рэгулятара, рызыкуюць быць уцягнутымі ў правядзенне падазроных аперацый.
Первое. Единственным законным платежным средством на территории Республики Беларусь остается белорусский рубль. Второе. На территории Республики Беларусь сфера обращения токенов будет ограниченной. Декрет № 8 не предусматривает возможности совершать сделки по обмену токенов на объекты гражданских прав иные, чем белорусские рубли, иностранная валюта, электронные деньги, другие токены. Запрещается также использование иностранной валюты в расчетах между резидентами Республики Беларусь в сделках с криптовалютами, за исключением операций с операторами криптоплатформ. Третье. Декретом № 8 закреплен ряд мер, направленных на повышение правовой защищенности участников операций с токенами. Функции по контролю за деятельностью операторов криптоплатформ, операторов обмена крипто- валют в части соблюдения законодательства о предотвращении легализации доходов, полученных преступным путем, возлагаются на государственные органы в соответствии с их компетенцией. <…> Операции с токенами по своей сути являются высокорисковыми и носят, как правило, спекулятивный характер. Риски связаны с отсутствием четкого и понятного механизма формирования их цены, надлежащих гарантий по защите прав и законных интересов держателей токенов, в частности по погашению обязательств перед ними (в том числе при покупке токенов на зарубежных торговых площадках). Банкам следует повышать финансовую грамотность своих клиентов в данном вопросе, разъяснять им, что владельцы токенов берут на себя все возможные риски, совершая соответствующие операции. В целях минимизации рисков вовлечения банков в проведение подозрительных операций клиентов, защиты интересов физических лиц, осуществляющих операции с цифровыми знаками, Национальным банком подготовлен проект соответствующего постановления Правления.
Пазіцыю Нацбанка Еўрарадыё абмеркавала з незалежным аналітыкам Сяргеем Чалым.
"Крыптавалюты ад пачатку прыдуманыя, каб абыходзіць кантроль"
Еўрарадыё: Што ўвогуле можна сказаць пра падыход Нацыянальнага банка да абарачэння крыптавалютаў?
Сяргей Чалы: Пазіцыя Нацбанка даволі простая. Ён заяўляе, што ў межах сваёй кампетэнцыі адказвае за банкаўскую сістэму. Усе астатнія няхай у сваіх пясочніцах робяць усё, што заўгодна. А задача Нацбанка – мінімізаваць рызыкі ўцягвання беларускіх банкаў у адмыванне грошай, фінансаванне тэрарызму і г.д.
Еўрарадыё: Ці азначае гэта забарону для беларускіх банкаў мець справу з крыптавалютамі?
Сяргей Чалы: Абсалютна не. Але сама ідэя крыптавалютаў заключаецца ў разліках без пасярэднікаў, якія працуюць у межах сістэмы. Крыптавалюты ад пачатку прыдуманыя, каб абыходзіць любое дзяржаўнае кіраванне, любы кантроль. Таму гэтая сфера – выклік для дзяржавы, якая спрабуе яе інтэграваць. Як тут забяспечыць выкананне ўсіх нормаў, якія саблюдаюцца ў любой іншай фінансавай сферы, на кожным фінансавым рынку? Як іх уключыць у сферу, якая ад пачатку створаная, каб гэтых нормаў пазбягаць?
Еўрарадыё: Як гэтая праблема вырашаецца ў Дэкрэце №8?
Сяргей Чалы: Распрацоўшчыкі дэкрэта яе нават не спрабавалі вырашаць. Калі крыху скараціць і спрасціць, у трэцяй частцы дакумента яны напісалі, што на сферу абарачэння крыптавалютаў не распаўсюджваецца падатковае заканадаўства (на фізічных асобаў увогуле, на юрыдычных – на пэўны час), банкаўскае заканадаўства (нават калі аперацыі маюць прыкметы банкаўскіх), заканадаўства пра каштоўныя паперы. Пасля “вельмі ўдала” сказана, што токены не лічацца сродкамі для адмывання грошай. А пасля напісана, што кантроль у адпаведнасці з заканадаўствам будзе ўскладзены на адпаведныя органы. Але ж вы толькі што ад усіх тэкстам дэкрэта адмежаваліся!
Як рэгуляваць, калі заканадаўства пра каштоўныя паперы не працуе, аперацыі не з’яўляюцца банкаўскімі, а токены не лічацца сродкамі для адмывання? Адказ: вы на тэкст дэкрэта не глядзіце, мы пасля якія-небудзь рэгуляцыі дададзім, і ўсё будзе добра. Прабачце, але мне такая пазіцыя не вельмі падабаецца.
Вось аналогія, якую кожны айцішнік не зразумее. Уявіце сабе, што вы набылі новы камп’ютар, але прынцыпова вырашылі не ставіць на яго ні антывірус, ні firewall. А да інтэрнэта падлучылі. Колькі трэба часу, каб заразіцца? 10-15 хвілінаў – і камп’ютар захоплены чым заўгодна. І вось, мы ў сусветную фінансавую сістэму ўключаем нашае асяроддзе…
"Калі нехта хоча нешта ў сваёй крыптапясочніцы адмываць – калі ласка, без банкаў"
Еўрарадыё: Відаць, падобныя пытанні цікавілі і сілавікоў, якія сустракаліся з прадстаўнікамі IT-бізнесу 2 лютага? Але сустрэча праходзіла за закрытымі дзвярыма…
Сяргей Чалы: Я думаю, што сустрэча была не толькі і не столькі пра гэта. Хутчэй за ўсё, гаворка вялася пра “пасадкі” за эканамічныя злачынствы. Чаму саджаюць яшчэ на этапе расследавання? Дзе стандарнтая практыка вызвалення пад заклад? І гэтак далей.
Еўрарадыё: Але пра гэта можна з усім бізнесам размаўляць! Ці айцішнікі вырашылі загадзя распавесці сілавікам, за што іх можна саджаць, а за што – не?
Сяргей Чалы: З аднаго боку, калі бізнесмен за кратамі – справу супраць яго расследаваць лягчэй, чым калі ён на волі. Чаму – здаецца, тлумачыць не трэба. З іншага – пракуратура, па ўсім відаць, не вельмі разумее, што адбываецца ў IT-сферы і як да яе падабрацца. Таму сапраўды можна гэтую сустрэчу інтэрпрэтаваць як спробу падсцяліць саломку.
Еўрарадыё: А сфера такая, што парушыць што-небудзь можна нават ненаўмысна. Вось Нацбанк піша: “У мэтах мінімізацыі рызыкаў па ўцягванні банкаў у правядзенне падазроных аперацый кліентаў…”
Сяргей Чалы: То бок, Нацбанк не піша, што збіраецца супрацьстаяць адмыванню грошай. Ён патрабуе, каб банкі ў гэтым не ўдзельнічалі. А калі нехта хоча недзе ў сваёй крыптапясочніцы нешта адмываць – рабіце гэта, калі ласка, без банкаў.
Еўрарадыё: А крыху вышэй Сяргей Калечыц піша, што “аперацыі з токенамі па сваёй сутнасці з’яўляюцца высокарызыкоўнымі і маюць, як звычайна, спекулятыўны характар”.
Сяргей Чалы: У ЗША ёсць “Закон аб каштоўных паперах”. Ён прыняты яшчэ ў 1933 годзе, пасля біржавога краху 1929 года, які справакаваў Вялікую дэпрэсію. І вось зараз яны кажуць: мы лічым, што гэтае заканадаўства працуе, і таму, аўтаматычна, пытанні ўсебаковай абароны ўдзельнікаў усіх гэтых здзелак, у тым ліку і тых, хто трымае токены, гэта юрысдыкцыя Камісіі па каштоўных паперах. А ў нас утвараюцца джугнлі. Кожны за ўсё адказвае сам сабе.
"Калі колькасць ахвяраў робіцца вялікай, з’яўляецца палітычны ціск"
Еўрарадыё: А калі б токены выпускаліся ў Беларусі згодна з існуючым заканадаўствам пра каштоўныя паперы, як бы гэта выглядала?
Сяргей Чалы: Ды ніхто б іх не выпускаў. Уся ідэя ў тым, каб пазбягаць нагляду з боку любых кантралюючых органаў. Таму яны і сталі зручным інструментам для злачынцаў. Ідэя ICO (заўважце, як назва нагадвае звыклае ўжо IPO), калі коратка, палягае ў тым, каб сабраць капітал, але пры гэтым абысці патрабаванні інвестыцыйнага заканадаўства.
Еўрарадыё: У тым ліку і патрабаванні аб абароне інвестараў?
Сяргей Чалы: Натуральна. Што такое ICO? Гэта калі несертыфікаваныя спецыялісты прапануюць незарэгістраваныя каштоўныя паперы для некваліфікаваных удзельнікаў. Калі прытрымлівацца заканадаўства, сэнсу ў гэтым інструменце папросту няма.
Еўрарадыё: Нацбанк падкрэслівае, што “ўсе магчымыя рызыкі” па аперацыях прымаюць на сябе ўладальнікі токенаў.
Сяргей Чалы: Гэтая заўвага з’явілася гадоў 15 таму. Толькі раней яе можна было пачуць, калі нехта, напрыклад, хацеў укласціся ў каштоўныя паперы замежнага эмітэнта. Напрыклад, набыць на расійскай біржы акцыі “Газпрама”. Фармальна для гэтага трэба было атрымаць дазвол Нацбанка. І я бачыў такі дазвол. Там было напісана тое самае, амаль слова ў слова: “Вы ж разумееце, што гэта рызыкоўныя інструменты… Чаму б вам не разгледзець варыянт дэпазіта ў беларускім банку?”
Чаму на ўсім астатнім рынку каштоўных папераў была ўведзеная абарона правоў інвестараў? Былі часы, калі яе не было. І ўсім дакладна так жа казалі: калі вы сталі ахвярай махляра – вы самі вінаватыя. Вы ж разумелі рызыкі. Так усё ўладкавана… Але гэта стала немагчыма палітычна. Бо калі колькасць ахвяраў робіцца дастаткова вялікай, з’яўляецца сур’ёзны палітычны ціск. Праз кангрэсменаў, сенатараў і гэтак далей. Гэта пытанне сацыяльнай стабільнасці. Калі падманутых укладальнікаў робіцца шмат, яны ператвараюцца ў істотную палітычную сілу. І тады з’яўляецца рэгуляванне. Таму і ў нас джунглі не пройдуць.