Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі

Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі

1 лютага ў Парку высокіх тэхналогій адбылася нечаканая сустрэча. За адным сталом сышліся IT-бізнесмены і прадстаўнікі сілавых структур.

Тэмай размовы было развіццё лічбавай эканомікі, якую адным у імя дэкрэта №8 давядзецца ствараць, а другім ― рэгуляваць. “Абмеркаванне атрымалася жывым і добразычлівым”, ― рэзюмаваў па выніках дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі.

Дарэчы, чыноўнік заняў месца не на “айцішным”, а на “сілавым” баку стала, па правую руку ад генпракурора Аляксандра Канюка. Магчыма, калі сядзіш поруч з генпракурорам, суразмоўцы падаюцца больш добразычлівымі, чым з’яўляюцца насамрэч.

Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі
Усевалад Янчэўскі ― з мікрафонам. Фота: БелТА.

Журналістам былі адкрытыя толькі некалькі хвілін размовы ― вітальныя словы. Астатняе адбывалася за зачыненымі дзвярыма. Пры гэтым ніхто з прысутных не даваў абяцанняў трымаць размову ў таямніцы, таму некаторыя з іх пагадзіліся распавесці Еўрарадыё, пра што вялася гаворка.

“Трусы” і “удавы”

Звычайна сілавікі і бізнесоўцы сустракаюцца па ініцыятыве першых, у абсалютна іншых кабінетах і пры абсалютна іншых абставінах. Але, па звестках Еўрарадыё, на гэты раз “трусы” запрасілі на размову “удаваў”, а не наадварот.

Сілавікі, мяркуючы па абстрактных рэпліках генпракурора, увогуле не вельмі разумеюць, пра што вядзецца ў дэкрэце №8. Таму, відавочна, у сустрэчы былі зацікаўленыя абодва бакі.

“Дэкрэт утрымлівае вельмі шмат новых паняццяў. Новых палажэнняў на падставе сучасных тэхналогій. Гэта абсалютна новая галіна, новая рэч”, ― “плавае” Аляксандр Канюк. Хаця трэба аддаць яму належнае: яго каментарый нашмат больш уцямны, чым знакамітыя “сучасныя трафікі” віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна

Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі
Аляксандр Канюк на "круглым стале" ў ПВТ. Фота: БелТА

“Мы сёння сабралі спецыялістаў і Парка высокіх тэхналогій, і вядучых айцішнікаў. І вось, Алег Ільгізавіч Хусаенаў прысутнічае ― гэта адзін з вядучых бізнесоўцаў, якія развіваюць гэтую тэму, ― працягвае генпракурор. ― І вось сёння наша задача ― даць асноўныя паняцці, унікнуць у гэты дэкрэт і вызначыць алгарытм далейшага руху”.

Дэкрэт №8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” набывае моц 28 сакавіка. У прынцыпе, пачатак лютага ― самы час даць асноўныя паняцці. І ўнікнуць.

Алё, гэта пральня?

Звышзадача для сілавікоў ― зразумець, як можна супрацьдзейнічаць адмыванню грошай пры абарачэнні крыптавалют.

“Трэба рабіць добрае антыадмывачнае заканадаўства. Гэта памылковае меркаванне, што недзе ў свеце яно ёсць, а ў Беларусі няма. Яго і ў свеце няма, ― распавядае Еўрарадыё адзін з удзельнікаў размовы. ― Ніхто, ніводная арганізацыя не дае афіцыйных рэкамендацый па anti money laundering [AML, супрацьдзеянне адмыванню грошай. ― Еўрарадыё] па аперацыях “крыптавалюта ― крыптавалюта”. А адмыванне і будзе, і ёсць менавіта ў гэтым сегменце”.

Кантрольныя функцыі па аперацыях “грошы ― крыптавалюта” ляжаць на банках, якія даўным-даўно адпрацавалі AML. А вось абарачэнне “крыпты” пакуль што толькі “выклікае занепакоенасць”.

“Беларусь пайшла наперадзе ўсіх па ўрэгуляванні абарачэння “крыпты”. Таму мы мусім пайсці наперадзе ўсіх і па стварэнні антыадмывачнага заканадаўства, ― працягвае суразмоўца Еўрарадыё. ― У нашай краіне ўсе пытанні могуць быць урэгуляваныя ў межах унутраных рэгламентаў Парка высокіх тэхналогій. Гэтыя распрацоўкі могуць стаць узорам для рэгулятараў па ўсім свеце”.

Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі
Фота: Alberto Dati / www.flickr.com

“Чамусьці ўсе думаюць, што калі ў тэксце дэкрэта [аб развіцці лічбавых тэхналогій] не прапісаны anti money laundering, значыць, у ПВТ хочуць нешта адмыць. Гэта не так, ― сцвярджае прадстаўнік IT-кампаніі, які прысутнічаў на сустрэчы. ― У Беларусі прасцей за ўсё было прыняць дэкрэт, у якім напісана: усё забараніць. І што б было? Ці напісалі б па ўсім свеце, што тут адбываецца лібералізацыя? Мы і так успрымаемся як краіна, якая ўсё ў галіне бізнесу забараняе. Таму дэкрэт напісаны вельмі ўдала. Усё дазволіць. Прыгожы імідж сфарміраваўся? А цяпер мы акуратна: унутранымі рэгламентамі, інструкцыямі ўводзім рэгуляванне па AML.

Паверце, гэта вельмі няпроста ― знайсці баланс, каб не адпужаць сумленных інвестараў, не перакрыць аперацыі для буйных інстытуцыянальных гульцоў, і, у той жа час, стварыць надзейныя перашкоды для махляроў”.

Айцішнікі заступіліся перад сілавікамі за “Хартыю’97”

Па звестках Еўрарадыё, падчас размовы бізнесоўцы ўзнялі тэму блакіроўкі інфармацыйных сайтаў у Беларусі. Сустрэча з сілавікамі адбылася на фоне абмежавання доступу ў Беларусі да сайта charter97.org. Таму, нягледзячы на адсутнасць сімпатый да “Хартыі’97” па абодва бакі стала, абмяркоўваўся менавіта гэты прэцэдэнт.

Пазіцыя бізнесоўцаў палягала ў тым, што калі беларускія ўлады клапоцяцца пра бізнес-клімат і імідж краіны, ім варта было б ствараць як мага менш падобных інфармацыйных нагод. Кожны выпадак, калі дзяржава дазваляе сабе рэгуляваць інтэрнэт у “ручным” рэжыме, добра заўважны за межамі Беларусі і не спрыяе даверу з боку патэнцыйных інвестараў. 

Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі
Фота: charter97.org

Тут варта зазначыць, што за апошнія два месяцы ў Беларусі былі заблакаваныя два буйныя інфармацыйныя сайты. Першым 14 снежня пад раздачу пайшоў “Беларускі партызан”. Гэта адбылося літаральна праз тры дні пасля прызначэння новага кіраўніцтва Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі. ААЦ ― ведамства непублічнае, але можна меркаваць, што менавіта там кантралююць беларускі інтэрнэт, а пры жаданні (як, па іроніі лёсу, было сказана менавіта на “Беларускім партызане”) выключаюць рубільнік.

Фармальна, блакіроўка сайтаў ажыццяўляецца рукамі Міністэрства інфармацыі, але ― цікавая дэталь ― на сустрэчы ў ПВТ нікога з Мінінфарма не было. Ва ўсякім выпадку, афіцыйныя хронікі пра гэта маўчаць. А вось прадстаўнікі ААЦ сядзелі за адным сталом з айцішнікамі і слухалі іх заўвагі. Што праўда, рэакцыя на каментарыі ў абарону пакуль што так і не разблакаванай “Хартыі’97” была вельмі стрыманай.

І каб не чапалі

Таксама айцішнікам хацелася б намацаць межы, у якіх можна будзе працаваць без боязі пасля апынуцца вінаватымі. Бо тэрміна даўніны ў гэтага “апынуцца вінаватымі” не існуе. Адзін з ідэолагаў беларускай “крыптаэканомікі” Віктар Пракапеня даказаў гэта на ўласным прыкладзе, у 2015 годзе трапіўшы за краты па падазрэнні ў злачынствах, здзейсненых у 2006-м.

“Мы ж выдатна разумеем, што нават самы лепшы закон, самы лепшы дэкрэт можна звесці на нішто практыкай прымянення”, ― трапна заўважае пасля сустрэчы з сілавікамі Усевалад Янчэўскі.

Пакуль што “яснасць” паміж айцішнікамі і сілавікамі фармуецца за закрытымі дзвярыма. А ПВТ, адзіная дзяржаўная структура, якая магла б афіцыйна пракаментаваць дэталі рэалізацыі дэкрэта №8, адмоўчваецца, чым яшчэ больш нагнятае сумневы вакол дакумента.

 

Пра што сілавікі размаўлялі з айцішнікамі
Скрыншот з відэа тэлеканала "Беларусь 1".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі