Начальнік ДАІ Мінска: з 9 жніўня за падачу гукавога сігнала пакаралі 762 кіроўцы

Начальнік ДАІ Мінска: з 9 жніўня за падачу гукавога сігнала пакаралі 762 кіроўцы

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Мінску за падачу гукавога сігнала пакаралі 762 кіроўцы. Пра гэта ў аўторак у прэс-цэнтры Sputnik Беларусь заявіў начальнік сталічнай ДАІ Сяргей Бабіч.

"З 9 жніўня 2020-га да адміністрацыйнай адказнасці пры правядзенні такіх несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў было каля 200 кіроўцаў прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за наўмыснае блакаванне праезнай часткі, — гаварыў Бабіч. — 377 кіроўцаў было прыцягнута [да адказнасці] за неабгрунтаваную падачу гукавых сігналаў, і 385 кіроўцаў было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за падачу гукавых сігналаў, што стала прычынай стварэння аварыйнай сітуацыі. І што цягне за сабой пазбаўленне права на кіраванне. Здаецца, 150 з іх усё ж такі пазбавілі права кіравання".

Заканадаўства ў Беларусі прадугледжвала за такое нязначнае парушэнне мінімальнае пакаранне — ад папярэджанне да трох базавых велічынь. Але ДАІ прыдумала сваю трактоўку і стала адбіраць у кіроўцаў правы — нібыта за стварэнне "аварыйнай сітуацыі", піша nn.by. Адвакаты спрабавалі абскардзіць такія рашэнні, бо пры аварыйнай сітуацыі павінен быць нейкі пацярпелы аўтамабіль, якога, натуральна, не было.

У абноўленым КаАПе, які пачаў дзейнічаць 1 сакавіка 2021-га, кажа начальнік мінскай ДАІ, ужо "дакладна рэгламентуюцца парушэнні дадзенай катэгорыі". Так за падачу гукавога сігнала пры правядзенні масавых мерапрыемстваў прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь (290 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання да 1 года (ці без пазбаўлення), за наўмыснае блакаванне праезнай часткі штраф ад 6 да 50 базавых (ад 174 да 1450 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання ад 1 да 2 гадоў (ці без пазбаўлення).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі