"Начныя ваўкі" ў Брэсце падзякавалі Лукашэнку за "ганаровыя прыёмы" (фота)
Расійскія байкеры ў аўторак правялі прэс-канферэнцыю.
28 красавіка ў Брэсце прайшла прэс-канферэнцыя "Начных ваўкоў". Расійскія байкеры на чале са сваім кіраўніком Аляксандрам Залдастанавым ("Хірургам") заявілі, што не адмаўляюцца ад ідэі патрапіць у Польшчу, але не ўдакладняюць, як гэта будуць рабіць. Абяцаюць праінфармаваць журналістаў "цягам двух дзён". Байкеры будуць ехаць "нейкімі іншымі шляхамі, выкарыстоўваючы канспірацыю".
"Вы дагуляецеся з гэтай русафобіяй!" — словы "Хірурга" на пытанне польскага журналіста TVN. Праўда, пазней ён удакладніў, што гэта словы не канкрэтна да палякаў, а да ўсіх, хто ім перашкаджае на шляху. "Хірург" падзякавау Аляксандру Лукашэнку за "ганаровыя прыёмы". Кажа, што гэта была ініцыятыва беларускіх органаў улады (байкераў у Мінску сустракаў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі).
Як вядома, расійскія байкеры збіраліся ў гонар угодкаў Перамогі праехаць па краінах Усходняй Еўропы да Берліна. Аднак некаторыя еўрапейскія краіны лічаць іх акцыю правакацыяй. "Начныя ваўкі" вядомыя сваім удзелам у захопе Расіяй Крыма. У панядзелак беларускія памежнікі прапусцілі "начных ваўкоў", але польскія, пасля праверкі, вярнулі іх назад. Байкерам выдалі "індывідуальнае рашэнне аб забароне на ўезд" г. зн. яны ўяўляюць небяспеку для польскай дзяржавы. Ноч расіяне правялі ў Брэсце.
“Мне патрэбная твая вопратка, касметычка і матацыкл”