Naka напісала "сваю" "Малітву" на верш Янкі Купалы
Песня стане загалоўнай у новым беларускамоўным альбоме гурта, які выйдзе напрыканцы восені.
У Дзень нараджэння Янкі Купалы гурт Naka прадстаўляе песню "Малітва" на верш Янкі Купалы. Трэкам каманда анансуе новы цалкам беларускамоўны альбом, які будзе называцца "Мая малітва" і выйдзе напрыканцы восені. Па словах лідаркі гурта Анастасіі Шпакоўскай, кружэлка ствараецца пад уражаннем ад вайны.
"Амаль кожная песня прасякнутая паветрам несправядлівасці таго, што робіцца і роздумам наконт таго, што ўсё ж адбываецца з намі, калі не мае меры цынічнасць і страты не паддаюцца падліку. Менавіта гэтыя пачуцці дапамаглі сфармаваць гучанне песні і паўплывалі на яе эмацыйны пасыл", — кажа спявачка ў інтэрв'ю парталу Tuzin.fm.
Нагадаем, песня "Малітва" на верш Янкі Купалы кампазітара Алега Моўчана стала прычынай судовага працэсу: год таму гурт Naka узяўся рабіць кавер вядомай песняроўскай песні для праекта Re:Песняры, не атрымаўшы на гэта дазволу Моўчана. У выніку музыкі гурта былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні аўтарскага права і мусілі выплаціць кампазітару 15 мільёнаў кампенсацыі.
Naka выплаціць аўтару песняроўскай “Малітвы” 15 мільёнаў рублёў