Намеснік Макея расказаў пра адносіны з Украінай
Па яго словах, мы жывем па суседстве, таму павінны будаваць з украінскім народам прагматычныя, блізкія, сяброўскія адносіны заўсёды.
25 лютага намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Міхневіч сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Дыпламат запэўніў, што нейкіх спецыяльных дырэктываў наконт транслявання ўкраінскай тэмы ў МЗС Беларусі няма.
Міхневіч заклікаў удзельнікаў сустрэчы сачыць за тым, як будзе развівацца сітуацыя, і даць магчымасць людзям ва Украіне самім разабрацца, што ў іх адбываецца, перадае БелаПАН.
Ён таксама адзначыў, што новая ўлада ў Украіне пакуль фарміруецца. Калі завершыцца працэс фарміравання новага ўрада, абяруць прэм'ер-міністра, будзе абвешчана праграма новага ўрада, тады МЗС Беларусі выступіць з заявай і выкажа сваю пазіцыю і распачне адпаведныя крокі. Найбольш беларускую дыпламатыю турбуе эканамічнае супрацоўніцтва. "У нас 7 мільярдаў даляраў быў таваразварот, зараз ён крыху зваліўся з-за крызісу, але для нас гэта каласальны эканамічны партнёр", — адзначыў Міхневіч.
На сустрэчы прагучала прапанова прыняць на лячэнне ў Беларусь людзей, якія пацярпелі падчас сутычак у Кіеве, На гэта Міхневіч адказаў, што не бачыць ніякіх аргументаў супраць гэтага.
Фота — БелаПАН