Намеснік міністра МПЗ: Змены ў дэкрэт №3 будуць распрацаваныя да 1 красавіка
16 сакавіка кіраўнікі Міністэрства па падатках і зборах правялі прэс-канферэнцыю, прысвечаную кантрольным дзеянням падатковых органаў. Адказваючы на пытанне аб зменах у тэксце Дэкрэта №3, намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч паведаміў, што ў міністэрстве цяпер працуюць над новым тэкстам.
"Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне унесці змены (у Дэкрэт №3 ― Еўрарадыё), над гэтым цяпер ідзе праца. На падставе гэтых зменаў, магчыма, будзе змененая колькасць тых, хто павінен выплаціць збор", ― сказаў Муквіч.
"Трэба разумець, што праца праводзіцца не з кропкі гледжання запаўнення бюджэту, а з кропкі гледжання вырашэння глабальнага ідэалагічнага пытання, якое саспела ў нашым грамадстве. Пытання прыцягнення нашых грамадзян да працы", ― дадаў чыноўнік.
Па словах прадстаўніка Міністэрства, адкарэктаваны тэкст Дэкрэта №3 павінен быць гатовы праз два тыдні: "Згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, у нас тэрмін да 1 красавіка".
9 сакавіка кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Дэкрэт №3 выконваецца "жудасна і безадказна", а тэкст дакумента патрабуе "некаторай карэкціроўкі".