Напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ў Мінск даставяць Дабрадайны агонь
Святыня прыбудзе позна ўвечары.
Дабрадайны агонь ад Труны Господняй будзе дастаўлены сёння ў Мінск. Святыню па традыцыі прывозяць у Беларусь з Ерусаліма штогод, у праваслаўную Вялікую Суботу — напярэдадні Вялікадня.
Як паведамляе партал church.by, самалёт са святыняй прыбудзе ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск” 11 красавіка паміж 21.30 і 22.30.
Дэлегацыю, якая суправаджае Дабрадайны агонь, ачольвае епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін.
Нагадаем, што сёння, у Вялікую Суботу ў праваслаўных храмах адбываюцца перадсвяточныя літургіі, ідзе асвячэнне велікодных яек і кулічоў. У ноч на нядзелю адбудзецца ўсяночная літургія, у часе якой вернікі прывітаюць Уваскрэсенне Хрыстова.