Нараджаюць у Беларусі ў два разы менш, чым паміраюць — "Кіберпартызаны"

У Беларусі нараджальнасць удвая меншая за смяротнасць

У Беларусі нараджальнасць удвая меншая за смяротнасць / pixabay.com

Нараджальнасць у Беларусі з 2020 года больш як у два разы ніжэйшая за смяротнасць. І ў сваіх прагнозах чыноўнікі арыентуюцца на далейшае зніжэнне нараджальнасці.

Гэта вынікае з дакумента, які здабылі "Кіберпартызаны". У ім даецца статыстыка па выплачаных у Беларусі дапамогах па цяжарнасці і родах. Афіцыйную статыстыку па нараджальнасці беларускія чыноўнікі перасталі публікаваць з траўня 2020 года. Ёсць толькі неафіцыйныя дакументы (пераважна ў выглядзе электронных табліц), якімі дзеляцца паміж сабой чыноўнікі. Менавіта такія звесткі атрымалі "Кіберпартызаны".

Інфармацыя, атрыманая імі, датычыць выплачаных дапамог для шырокай катэгорыі цяжарных, але не абсалютна ўсім. Але нават па гэтых даных можна зрабіць высновы. у 2019 годзе было выплачана 70 542 дапамог, а ў 2021-м — 61 392. На 2022 год чыноўнікі планавалі выплаціць 56 651 дапамогу (дакумент быў створаны ў сярэдзіне 2022 года, таму лічбы маюць прагнозны характар).

Раней паведамлялася пра катастрафічна нізкі паказчык нараджальнасці ў Беларусі: за 2023 год зарэгістравалі больш за 65 тысяч актаў пра нараджэнне. Паведамлялася, што гэта самы нізкі паказчык з 1955 года.

Таксама ўлады прызналі зніжэнне каэфіцыенту нараджальнасці (гэта адносіны колькасці народжаных да агульнай сумы насельніцтва). Гэты паказчык у 2023-м склаў 7,08 — менш, чым у часы Другой сусветнай вайны.

Нараджаюць у Беларусі ў два разы менш, чым паміраюць — "Кіберпартызаны"
Звесткі па нараджальнасці, здабытыя "Кіберпартызанамі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.