Наркагандляра асудзілі на 25 гадоў за збыт метадону, ад якога памерлі 4 чалавекі
Да 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму і канфіскацыі маёмасці суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прысудзіў мясцовага жыхара. Так скончылася гісторыя з продажам наркатычнага сродку метадону, ад якога памерлі чатыры чалавекі, перадае БЕЛТА са спасылкай на начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС аблвыканкама Уладзіслава Кавалёва.
Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Мужчына, як і да суда, застаецца пад вартай.
Праваахоўнікі затрымалі жыхара Барысава ўвосень 2015 года па падазрэнні ў збыце асабліва небяспечнага наркатычнага сродку метадону. Ад гэтага наркотыку памерлі два мужчыны — аднаму было 27 гадоў, другому 36. Трупы мужчын ў ліпені 2015-га знайшлі ў Глуску. Таксама праваахоўнікі мелі інфармацыю, што ад метадону, набытага ў таго ж наркагандляра ў Бабруйску, маглі памерці яшчэ двое чалавек у Слуцку — 35-гадовыя мужчына і жанчына. Усе чацвёра загінулыя былі жыхарамі Салігорска.
Паведамляецца, што наркагандляра затрымалі, калі ён чарговы раз прадаваў наркотык.
Дарэчы, прысуд жыхару Бабруйска — першы пасля таго, як набылі моц антынаркатычныя змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі.