NASA вынесла прысуд 400-метроваму астэроіду, але ўжо з'явіўся новы

Пра гэта сведчаць найноўшыя даследаванні.
 

Як паведамляла Еўрарадыё, астэроід, які атрымаў індэкс 2013 TV135, знайшлі на здымках зорнага неба, зробленых 12 кастрычніка Крымскай абсерваторыяй. Нябеснае цела навукоўцы першапачаткова аднеслі да класа патэнцыйна небяспечных астэроідаў. Паводле папярэдніх разлікаў, 26 жніўня 2032 года гэты астэроід мог сутыкнуцца з Зямлёй з верагоднасцю 1 шанец на 63 тысячы. Сіла выбуху ў выпадку падзення 2013 TV135 на нашу планету ацэньвалася ў 2,5 тысячы мегатон у тратылавым эквіваленце.

Аднак, паводле далейшых разлікаў, верагоднасць сутыкнення 400-метровага астэроіда з Зямлёй складала ўжо 1 шанец на 9,09 тысячы. Да 1 лістапада яна вырасла да 1 шанца на 5,9 тысячы. Некалькі дзён таму сталі вядомыя апошнія разлікі: навукоўцы з NASA знізілі верагоднасць сутыкнення ў 2032 годзе да 1 шанца на 345 тысяч, а ў 2047 годзе — да 1 шанца на 11,9 млн. Цяпер жа адмаўляецца сама магчымасць сутыкнення.

На дадзены момант самым небяспечным астэроідам з'яўляецца 2007 VK184 — рызыка яго сутыкнення з нашай планетай 3 чэрвеня 2048 года складае 1 шанец на 1,82 тысячы, інфармуе РІА "Новости".
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі