"Наша Ніва": Каля ГЦ "Цівалі" сілавікі стралялі ў "Фальксваген Пола"
Каля гандлёвага цэнтра "Цівалі" на вуліцы Прытыцкага, як піша "Наша Ніва", сілавікі стралялі ў серабрысты "Фальксваген Пола".
"Агледзелі багажнік, вывелі з машыны чалавека і павялі ў свае сінія бусы. Яны таксама аглядалі багажнікі ў іншых машынах, прыпаркаваных каля "Цівалі", некаторых кіроўцаў павялі ў бусы. Жыхары квартала высыпалі на вуліцу, глядзяць з акон", — паведамляе НН.
Сёння пратэсты не набываюць такой гарачыні, як напярэдадні. Групы пратэстоўцаў збіраюцца ў розных раёнах Мінска і рассыпаюцца пры з'яўленні амапаўцаў, каб сабрацца зноў.
Паведамляецца пра хапун каля станцыі метро "Пушкінская", у Серабранцы (на праспеке Ракасоўскага), Грушаўцы, каля станцыі метро "Усход". Сілавікі хапаюць рандомна. Шмат у каго правяраюць фотагрлерэю ў мабільніку. Так былі затрыманыя журналісты "Белсата" Іван Мураўёў і Павел Патапаў.
Відэааператара TUT.by Усевалада Зарубіна ў Мінску стукнулі па назе, разбілі экран камеры і забралі флэшку з відэа. У Брэсце карэспандэнта TUT.by Станіслава Коршунава жорстка затрымалі каля дзясятка амапаўцаў.
Каля гатэля "Арбіта" ў Мінску сілавік напаў на журналістаў. Стукнуў па камеры фотакарэспандэнта агенцтва "Асашыэйтэд прэс" Сяргея Грыца, забраў флэш-карту ў фотакарэспандэнткі "Нашай Нівы" Надзеі Бужан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.