"Наша Ніва": мабілізацыя ў Беларусі пройдзе пад выглядам праверкі баяздольнасці
Беларускія вайскоўцы / прэс-служба Мінабароны
Аляксандр Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі. Яна будзе праходзіць у схаваным выглядзе — нібыта вайсковыя зборы. На першым этапе вялікія гарады чапаць не будуць, а мабілізуюць найперш вясковае насельніцтва. Пра такі сцэнар піша "Наша Ніва", спасылаючыся на некалькі не звязаных паміж сабой крыніцаў.
Пра такі ж варыянт рзвіцця падзеяў, дарэчы, распавядала і Еўрарадыё.
Колькасць грамадзян, якіх выклічуць на зборы, не называецца.
"Трывогу трэба будзе біць, калі лічба мабілізаваных пераваліць за пяць тысяч. Гэта будзе азначаць стварэнне ўдарнай групоўкі на нейкім кірунку. Калі пераваліць за 10 тысяч — некалькі груповак", — патлумачыў "Нашай Ніве" афіцэр Узброеных сілаў Беларусі.
Выданне піша, што цяпер у беларускае войска прызываюць людзей з тымі ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі, у якіх адчувае дэфіцыт расійскае войска.
Адна з крыніц кажа, што "на зборы" выклікаюць кіроўцаў. Іншая — "кухараў, кіроўцаў, тэхнічны і тылавы персанал". Магчыма, на першым этапе рыхтуюць абслуговы персанал, каб забяспечыць падрыхтоўку саміх мабілізаваных і тэхнікі для іх.
Раней Лукашэнка заявіў пра разгортванне на заходніх рубяжах сумеснай беларуска-расійскай групоўкі. Ён паведаміў, што ў нашу краіну прыбудзе не адна тысяча расійскіх вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.