Стварэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў — не вайна, але трывожны званок

Пуск з тактычнага ракетнага комплексу "Кропка" ў часе расійска-беларускіх вучэнняў "Саюзная рашучасць — 2022" / Мінабароны Беларусі
Пуск з тактычнага ракетнага комплексу "Кропка" ў часе расійска-беларускіх вучэнняў "Саюзная рашучасць — 2022" / Мінабароны Беларусі

10 кастрычніка Лукашэнка абвясціў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы. Таксама ён заявіў, што ў Беларусь едзе "не адна тысяча" расійскіх вайскоўцаў, і загадаў чыноўнікам быць гатовымі іх размясціць.

На цяперашнім этапе гэта не значыць, што беларусы гатовыя сёння-заўтра ўварвацца ва Украіну разам з акупацыйнымі войскамі РФ. Як мінімум таму, што гэтыя войскі ў неабходным складзе яшчэ не прыбылі ў Беларусь. Аднак хоць Лукашэнка тлумачыць запуск рэгіянальнай групоўкі "ўмацаваннем бяспекі дзяржавы", імавернасць уцягвання Беларусі ў поўнамаштабную вайну гэтым разам узрасла.
 

Што такое рэгіянальная групоўка войскаў (РГВ)

Создание региональной группировки войск — не война, но тревожный звонок
Начальнік Генштаба Беларусі Віктар Гулевіч і міністр абароны Віктар Хрэнін / Мінабароны Беларусі

Для пачатку варта растлумачыць, што анансаваная канцэнтрацыя саюзных сіл — гэта не задзейнічанне механізма АДКБ.

У гэтым кантэксце рэгіянальная групоўка войскаў (РГВ(С)) — гэта "размешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы (перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцця магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі (сілы) УС РБ і УС РФ, а таксама іншыя воінскія фармаванні бакоў, прымяненне якіх запланавана па адзінай задуме і плане". Такое тлумачэнне тэрміну дае дакумент "Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы".
 

Што значыць разгортванне РГВ на тэрыторыі Беларусі

Создание региональной группировки войск — не война, но тревожный звонок
Пагрузка ракеты тактычнага ракетнага комплексу "Кропка" / Мінабароны Беларусі

У дакуменце таксама прапісаны мерапрыемствы, якія выконвае Саюзная дзяржава ў пагражальны перыяд. А паколькі Лукашэнка абмовіўся пра "пагрозу", то ў цяперашніх абставінах найбольш актуальныя наступныя (паводле дактрыны) меры:

— непасрэднае планаванне прымянення РГВ(С) у інтарэсах сумеснай абароны;
— своечасовае прыняцце сумесных рашэнняў па падрыхтоўцы і вядзенні ваенных дзеянняў па адбіцці нападу;
— своечасовае разгортванне РГВ(С) і прывядзенне яе ў гатоўнасць да выканання пастаўленых задач.

Гэта значыць, што, магчыма, ужо пачынаецца зладжванне вайсковых падраздзяленняў дзвюх дзяржаў. На ўзроўні генеральных штабоў вядзецца праверка і падрыхтоўка матэрыяльнага рэзерву войскаў, прапрацоўка пытанняў сувязі, тылу, фармавання зводных падраздзяленняў. Праводзіцца рэкагнасцыроўка мясцовасці, прадумваюцца сцэнары вядзення баявых дзеянняў, мерапрыемствы, звязаныя з эшаланаваннем абароны і гэтак далей. У перспектыве ўсё гэта павінна завяршыцца стварэннем буйных ударных груповак расійска-беларускіх войскаў. Фармуюцца яны не за адзін дзень, і не факт, што будуць выкарыстаныя.

Больш за тое, згодна з дактрынай, мэта стварэння рэгіянальнай групоўкі войскаў — адбіццё нападу, нанясенне паразы агрэсару і стварэнне перадумоў для спынення ваенных дзеянняў на ўмовах, якія адказваюць інтарэсам дзяржаў-удзельніц.

На фоне разгортвання РГВ не выключана, што вайсковыя часці ў Беларусі праз нейкі час пяройдуць у падвышаную ступень баявой гатоўнасці. Гэта значыць "стоп" адпачынкам, выклік асабовага складу з іх, праверка штатнай тэхнікі і зброі, інтэнсіўная падрыхтоўка да гіпатэтычных баявых дзеянняў. І магчыма, даўкамплектацыя асабовага складу.
 

Не мабілізацыя, а вайсковыя зборы

Создание региональной группировки войск — не война, но тревожный звонок
Вучэнні з выкарыстаннем рэактыўнай артылерыі / Мінабароны Беларусі

Адна з мер па гарантаванні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы — "правядзенне мерапрыемстваў тэрытарыяльнай і грамадзянскай абароны". Фармулёўка расплывістая, але нагода задумацца ёсць.

Напрыклад, калі грамадзянскую абарону можна адрэпетаваць у школах і на прадпрыемствах, то вучэнні тэрытарыяльнай абароны патрабуюць прысутнасці ваеннаабавязаных. Вядома, можна абмежавацца справаздачамі вайсковых часцей, якія даложаць аб гатоўнасці пунктаў прыёму асабовага складу. І запэўненнямі ваенкаматаў, якія адрапартуюць аб прысутнасці на месцах замацаваных за імі "тэрытарыялаў". Але ўлічваючы, што рэгіянальная групоўка войскаў разгортваецца далёка не ў навучальных мэтах, то і звычайны фармалізм з праверкай наяўнасці запаснікаў можа ператварыцца ў цалкам рэальныя позвы.

Мабілізацыяй "мерапрыемствы тэрытарыяльнай абароны" не назавуць, гэта розныя паняцці. А растлумачыць вал позваў вайсковымі зборамі можна цалкам. Быццам бы цябе і не мабілізавалі, але тым не менш ты — "тэрытарыял", стаіш у вайсковай часці з аўтаматам, чакаеш "вучэнняў". А чым скончыліся вучэнні расіян у канцы лютага — нагадваць не трэба.
 

Уцягнуць Беларусь у вайну ці не?

Создание региональной группировки войск — не война, но тревожный звонок
Вайсковец на расійска-беларускіх вучэннях "Саюзная рашучасць", 2022 год / Мінабароны Беларусі

Колькасць беларускіх вайскоўцаў на сёння складае каля 45 000 чалавек. З іх прыкладна сорак адсоткаў — салдаты тэрміновай службы. Тое, што беларускія войскі саступаюць УСУ ў якасці і колькасці, не дае гарантыі таго, што Беларусь не ўступіць у вайну.

Разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў можа быць прыкрыццём для стварэння магутнага плацдарма расійскіх Узброеных сіл. На першым часе роля беларусаў будзе заключацца ў тым, каб праводзіць зладжванне з войскамі РФ, якія прыбываюць, ахоўваць межы ад "недружалюбных краін", забяспечваць тыл акупацыйных сіл і не дапусціць дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры Беларусі.

Пасля таго як будзе сфармавана рэгіянальная групоўка войскаў, яна можа пагрозліва размясціцца паблізу і па лініі беларуска-ўкраінскай мяжы ў месцах, найбольш зручных для нападу. Яе могуць і не задзейнічаць, але і прыбіраць не стануць з разлікам на тое, што ўкраінцы будуць вымушаныя адцягнуць частку сваіх сіл на прыкрыццё вялікага ўчастка мясцовасці.

У такой сітуацыі, калі абстаноўка абвостраная да мяжы, магчымы сцэнар правакацыі ад сіл Саюзнай дзяржавы, якая дасць Беларусі фармальную нагоду ўступіць у поўнамаштабную вайну. Нельга выключаць і такі варыянт, калі УСУ стрэляць па зграмазджэнні расійскіх войскаў, а загіне пры гэтым, умоўна, беларускі салдат з батальёна забеспячэння. Гэтага цалкам хопіць, каб Лукашэнка пагадзіўся як на сумесны наступ, так і на мабілізацыю ваеннаабавязаных беларусаў.

Пры гэтым беларускія войскі неабавязкова масава рвануць ва Украіну на танках. Ёсць артылерыя, ёсць рэактыўныя сістэмы залпавага агню, такія як "Паланэз". Ёсць войскі спецыяльнага прызначэння, дыверсанты і падрыхтаваная агентура. Ёсць беларуская авіяцыя і шматлікія "мобікі" з Расіі, якім трэба забяспечыць калідор праз украінскія загароды на мяжы.

Аднак відавочна, што, у якой бы форме войскі Лукашэнкі ні ўступілі ў вайну з Украінай, усё гэта будзе мець цяжкія знешнепалітычныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы для краіны. Не кажучы ўжо пра магчымасць выкарыстання тактычнай або стратэгічнай ядзернай зброі, што можа пацягнуць зваротны сіметрычны ўдар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі