Наскевіч: Справу “зніклых палітыкаў” мы не забылі, але нічога новага па ёй няма
Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч выказаўся пра тое, як у Беларусі расследуецца справа "зніклых палітыкаў". Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, Наскевіч заявіў, што яны яе ніколі не адкладалі “ў архіў”. Але нават сучасныя тэхналогіі, якія з’явіліся на ўзбраенні ў следчых у апошнія гады, не дазваляюць давесці гэтую справу да завяршэння, сцвярджае кіраўнік СК.
Наскевіч: “Справа гэтая ніколі не апускалася ў забыццё, яна ўвесь час знаходзіцца ў расследаванні. Але на жаль мне пакуль што няма чаго сказаць ― ніякіх новых высноў у нас няма. Вось і ўсё”.
Нагадаем, у 1999-2000 гадах без вестак зніклі экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар, прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Ганчар і Захаранка былі вядомымі апазіцыйнымі дзеячамі. Афіцыйна пра іх лёс нічога невядома. Пры гэтым па справе Завадскага ў 2002 годзе нават была асуджана група асоб-былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.