Наталля Каляда: Трэба, каб пра сітуацыю ў Беларусі нарэшце выказаўся Абама!

На мінулым тыдні прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі: Аляксандр Казулін, Юлія Слуцкая, Ева Някляева (дачка Ўладзіміра Някляева), Ірына Багданава (сястра Андрэя Саннікава) — правялі некалькі важных сустрэчаў з высокімі чыноўнікамі з ураду ЗША. Пра вынікі гэтых перамоваў у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё распавядае іх актыўная ўдзельніца — дырэктарка “Свабоднага тэатра” Наталля Каляда.

Еўрарадыё: Дзе вы на гэты момант пабывалі? Дзе беларуская дэлегацыя паспела “засвяціцца”?

Наталля Каляда: “Наш візіт ужо скончаны. Прайшоў ён вельмі прадуктыўна… Пачаліся сустрэчы з Кангрэса ЗША. Першая была з кангрэсменам Крыстаферам Смітам, які займаўся “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”. Зараз ён ізноў будзе выносіць яго на разгляд у Кангрэсе. Мы атрымалі падтрымку іншых кангрэсменаў, якія згодныя з ідэяй “Акта аб дэмакратыі…”, а таксама Джона Бонэра, спікера ніжэйшай палаты — палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША.

Таксама прайшлі сустрэчы ў Савеце па бяспецы ЗША. Мы размаўлялі з сенатарамі Дурбіным, Кардзіным, Ліберманам. Гэта людзі, якія шчыльна і вельмі актыўна займаюцца Беларуссю”.

Еўрарадыё: Усе гэтыя сустрэчы былі аднолькава важныя?

Наталля Каляда: “Так, бо яны закрываюць розныя напрамкі дзейнасці амерыканскага ўраду ў дачыненні да таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта дэманструе ўзровень зацікаўленасці ў тым, каб спыніць той жах, які ў Беларусі зараз адбываецца”.

Еўрарадыё: А ў Беларусі адбываецца, напрыклад, тое, што вынесены прысуд Васілю Парфянкову. Як адрэагавалі на гэта ва ўрадзе ЗША?

Наталля Каляда: “Для нас гэта быў падвойны шок. Мы даведаліся пра гэты прысуд, калі знаходзіліся на сустрэчы ў Дзярждэпартаменце ЗША. І, якраз тады, калі мы абмяркоўвалі дэталі: як зараз неабходна дапамагаць Беларусі, на якой жорсткай пазіцыі ЗША мусяць стаяць да рэжыму, што дзейнічае ў нашай краіне, — нам паведамілі пра тое, што парфянкоў атрымаў 4 гады… Рэакцыя з абодвух бакоў была — шок”.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, ці будзе ад ЗША нейкая сапраўды крытычная рэакцыя на падзеі, што адбываюцца ў Беларусі?

Наталля Каляда: “Зараз абмяркоўваецца не толькі “Акт аб дэмакратыі…”, але і рэзалюцыя Кангрэса ЗША. І гэта асноўнае пытанне. Бо ўся нашая група прасіла, і агучваў гэта Аляксандр Казулін, што неабходна, каб вынікі выбараў былі прызнаныя несапраўднымі, і каб Аляксандр Лукашэнка быў прызнаны нелегітымным прэзідэнтам. Каб пасля таго, як адпусцяць усіх палітзняволеных і здымуць з іх усе абвінавачванні, былі тэрмінова прызначаныя новыя прэзідэнцкія выбары… Таксама мы казалі пра тое, каб прэзідэнт Абама нарэшце выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі”.

Еўрарадыё: А што наконт санкцыяў?

Наталля Каляда: “Санкцыі — гэта тая тэма, над якой у Вашынгтоне працуюць пасля тых візітаў, якія адбыліся раней. Пасля сустрэчы з Хілары Клінтан і слуханняў, калі я выступа ў Сенаце ЗША, санкцыі былі ўведзеныя праз тыдзень, 31 студзеня. Калі еўрапейцы чарговы раз здрадзілі беларусам, клапоцячыся толькі пра свае геапалітычныя інтарэсы: каб у іх было цёпла ў дамах і каб ім было камфортна ездзіць на аўтамабілях — амерыканскі ўрад прыняў эканамічныя санкцыі”.

Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія спадзяванні на павелічэнне фінансавай падтрымкі дэмакратычных сілаў?

Наталля Каляда: “Натуральна! Але са свайго боку мы казалі, што гэтая падтрымка мусіць быць дэталёвая. Каб яна ішла тым арганізацыям, якія сапраўды працуюць,а не проста на тое, каб арганізацыі выжывалі, як гэта было раней. Каб падтрымлівалася тое, што сапраўды можа паўплываць на сітуацыю. Зараз! Каб ішла вялікая падтрымка сродкам масавай інфармацыі як унутры краіны, так і па-за яе межамі… Бо людзі ў Беларусі часам увогуле не ведаюць, што адбываецца ў краіне!

Таксама гаворка вялася пра кампанію Free Belarus Now. Яна зараз стартуе ў Лондане з ініцыятывы сваякоў палітвязняў. Кампанія падтрымліваецца Томам Стопардам, Вацлавам Гавелам… Усе кантакты з людзьмі мастацтва, якія назбіраў за гады працы “Свабодны тэатр”, зараз пачынаюць падтрымліваць тое, што датычыцца вызвалення беларускіх палітвязняў”.

Еўрарадыё: Дарэчы, пра “Свабодны тэатр”. Чым зараз займаецца вашая трупа, ці шмат даеце спектакляў, і ці маюць яны поспех?

Наталля Каляда: “Мы працуем! Над новымі праектамі пачалі працаваць. Спектаклі ідуць кожны дзень. Усе квіткі прададзеныя, як гэта заўжды было ў “Свабоднага тэатра” па ўсім свеце, уключна з Аўстраліяй і Азіяй. Публіка тут прыемная, яна бясконца падтрымлівае і вельмі цікавіцца тым, што адбываецца зараз у Беларусі.

Дарэчы, 21 лютага мы будзем даваць чарговы спектакль. Ён будзе завяршальным у нашым чыкагскім туры, і будзе прысвечаны усім, хто сёння знаходзіцца ў сутарэннях КДБ, і пад хатнім арыштам. Усім тым, хто зараз сутыкаецца з гвалтам, які адбываецца ў Беларусі. Так што мы, як заўжды, працуем — займаемся творчасцю і праз свае спектаклі нясем веды пра краіну і пра тое мастацтва, якое ў гэтай краіне ёсць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі