Навальны зрэзаў электронны бранзалет і адмаўляецца ад хатняга арышту
Асуджаны расійскі апазіцыянер упэўнены, што дзейнічае ў поўнай адпаведнасці з законам.
Як паведаміў на сваім сайце расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, ён зрэзаў электронны бранзалет і адмаўляецца выконваць рэжым хатняга арышту. 30 снежня яму і яго брату Алегу суд абвясціў вырак па абвінавачанні ў крадзяжы фінансавых сродкаў. Алег Навальны асуджаны на 3,5 года турэмнага зняволення, вядомы апазіцыянер Аляксей Навальны — на такі ж тэрмін умоўна. Спярша меркавалася, што прысуд абвесцяць 15 студзеня, але потым раптоўна перанеслі на 30 снежня.
У сваім звароце Навальны заявіў, што пачакаў законныя пяць сутак, каб атрымаць тэкст прысуду, але так і не пабачыў гэты дакумент. З гэтай жа нагоды ён не можа падрыхтаваць тэкст апеляцыі на прысуд.
"Я адзіны ў гісторыі расійскіх судоў чалавек, які сядзіць пад хатнім арыштам пасля вынясення прысуду. Артыкул 107 КПК выразна кажа, што такая мера стрымання прымяняецца толькі ў дачыненні да падазраваных і абвінавачаных", — піша Навальны. Таксама ён адзначае, што і Замаскварэцкі суд, які яго асудзіў, прызнаў, што ніякага хатняга арышту пасля прысуду быць не можа.
Апазіцыянер заявіў, што ён нікуды не збіраецца з'язджаць, акрамя як у офіс і назад.
Фота — 1.navalny.website