Нават ва ўмовах НС на мяжы не спыняюцца спробы пранесці ў Літву цыгарэты
Знайсці кантрабандыстаў дапамог сабака / delfi.lt
Траіх жыхароў памежнага раёна Літвы затрымалі напярэдадні літоўскія памежнікі, паведамляе delfi.lt. Яны прынялі груз з беларускага боку і неслі яго ўглыб краіны. У цюках былі цыгарэты.
Першапачаткова памежнікаў зацікавіў чалавек на беларускім баку. Яны заўважылі яго ў маніторы — відэа перадавала адна з камер, устаноўленых на мяжы. Мужчына падышоў да плота, які падзяляе дзве дзяржавы, і перакінуў праз яго некалькі прамавугольных скруткаў.
Да гэтага месца накіравалі патрулі. Памежнікі, а з імі быў кінолаг з сабакам, знайшлі атрымальнікаў грузу — траіх чалавек, якія да таго часу выйшлі з лесу амаль у паўкіламетры ад мяжы з Беларуссю.
Заўважыўшы памежнікаў, мужчыны кінулі свой груз і паспрабавалі ўцячы. Але былі затрыманыя. У цюках былі цыгарэты.
Нагадаем, з пачатку ліпеня ў Літве дзейнічае надзвычайнае становішча. Яно было ўведзена з-за наплыву нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. Ахова гэтага ўчастка мяжы ў цяперашні час істотна ўзмоцнена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.