Назіральніка Леаніда Кулакова асудзілі на 3 сутак арышту
Назіральніка кампаніі незалежнага назірання "Права выбару" Леаніда Кулакова асудзілі на 3 сутак арышту. Пра гэта піша ў Facebook Дзіма Кантаровіч.
Кулакова затрымалі 11 верасня пасля заканчэння выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ён быў назіральнікам на выбарчым участку № 626 108-й Каліноўскай выбарчай акругі ў Мінску. Паводле звестак праваабаронцаў, ён здымаў на мабільны тэлефон факты фальсіфікацый пратакола галасавання. Леанід Кулакоў паспеў паведаміць, што член участковай камісіі агучыла шэптам адну лічбу галасавання за Юрыя Губарэвіча (намесніка старшыні руху "За Свабоду"), а ў пратакол унеслі іншую. Ён не прамаўчаў — абурыўся.
Разам з Кулаковым затрымалі яго калегу Маю Навумаву. Кантаровіч адзначае, што пра яе пакуль нічога не вядома. За што асудзілі на адміністрацыйны арышт Леаніда Кулакова, пакуль невядома.