Названыя прозвішчы яшчэ 5 палітзняволеных жанчын, якія выйшлі па памілаванні
Калонія, ілюстрацыйнае фота
Прапагандыст Юрый Васкрасенскі падчас свайго выступу на "Радыё Мінск" назваў прозвішчы пяці палітзняволеных жанчын, якія выйшлі на волю па памілаванні, заўважыў сайт "Зеркало".
Паводле Васкрасенскага, сярод 20 палітвязняў, вызваленых у канцы снежня, з калоніі выйшлі палітвязні Бакуновіч, Волкава, Наталля Крук, Ірэна Клявец, Іна Пальцава.
Прозвішча Бакуновіч маюць некалькі палітвязняў. Раней быў вызвалены Аляксандр Бакуновіч, за кратамі заставаліся Аніта Бакуновіч і Лілія Бакуновіч. Паводле звестак "Зеркала", гаворка ідзе пра 21-гадовую Аніту. Яе асудзілі на тры з паловай гады, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і замаху на незаконнае перасячэнне мяжы.
Прозвішча Волкава таксама маюць дзве палітзняволеныя жанчыны. Якую з іх меў на ўвазе Васкрасенскі, удакладніць не атрымалася.
Жанну Волкаву затрымалі 11 траўня 2023 года ў школе, куды жанчына прыйшла для сустрэчы з настаўніцай яе дзіцяці. У кастрычніку таго ж года яе асудзілі на тры гады па шэрагу артыкулаў, у тым ліку паклёп і абраза Лукашэнкі, распальванне варожасці, дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Вольгу Волкаву асудзілі ў траўні 202-га абвінаваціўшы ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і распальванні варожасці.
Наталлю Крук затрымалі 7 жніўня 2023 года пасля вяртання з Польшчы. Яе абвінавацілі ў закліках да санкцый і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Прысуд жанчыне невядомы. Жанчына вядомая тым, што адмовілася размаўляць з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам, калі ён хацеў зрабіць з ёй "пакаяльнае інтэрв'ю".
Ірэна Клявец — спецыялістка Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. У яе чацвёра непаўналетніх дзяцей. Жанчыну затрымалі ўлетку 2022 года і асудзілі за перадачу звестак у "Чорную кнігук Беларусі" на 6 гадоў калоніі.
Іна Пальцава была асуджаная на два гады па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі.
Па памілаванні 28 снежня на волю выйшлі 20 чалавек, у тым ліку 11 жанчын. Раней стала вядома, што адна з памілаваных — настаўніца кітайскай мовы Дар'я Хмяльніцкая.
Пры гэтым у Беларусі працягваюцца палітычныя суды і з'яўляюцца новыя палітвязні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.