“Не атрымаем грошы на пагашэнне крэдыту, бо падоўжылі тэрміны здачы дома”

“Не атрымаем грошы на пагашэнне крэдыту, бо падоўжылі тэрміны здачы дома”

Указ кіраўніка краіны № 240, які дазваляе атрымаць субсідаванне на будаўніцтва жылля, адмяняе стары ўказ № 585. У маладых сямей, якія будуюць жыллё ў крэдыт, раней было права на субсідыю ў памеры 40 бюджэтаў пражытковага мінімуму, а гэта 7,3 тысячы рублёў. Разлічваць на такую падтрумку маглі маладыя сем’і з адным дзіцём і шматдзетныя сем’і. Цяпер гэтае права на субсыдыю… ануляванае!

“Мы не паспелі, бо ў нас падоўжылі тэрміны здачы дома”, ― распавядае Марына, яна з мужам і малым дзіцём разлічвалі на дапамогу ў 7,3 тысячы рублёў, каб пабудаваць новую двухпакаёўку ў Жодзіне.

“Пакуль дакументы аформяць, да верасня мы атрымаем ключы, таму пад указ мы ўжо не трапім. Бярэм крэдыт у банку і разлічвалі, што дзяржава яго часткова пагасіць. Крэдыт Беларусьбанка пад 16% гадавых на 20 гадоў. Штомесяц давядзецца плаціць 100 рублёў. Я цяпер у дэкрэце, і муж працуе адзін. Патрэбны рамонт, дзіцячую комнату абставіць. Калі б мы ведалі, можа, пакуль бы не будаваліся. Мы стаялі на ўліку, у чарзе, таму і разлічвалі на дапамогу”.

Хто згубіў субсідыю?

“Указ перапыняе сваю дзейнасць з 6 жніўня. Тыя, хто атрымаў дазвол выканкамаў на такую субсідыю, будзе яе атрымоўваць, а таксама тыя, хто ўжо субсыдыю атрымлівае”, ― тлумачыць Аляксандр Горваль, начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінархітэктуры. За першыя паўгода сёлета такую дапамогу атрымалі 26 сем'яў.

У няёмкае становішча патрапяць тыя, хто ўжо аформіў крэдыт, але засяліцца яшчэ не паспеў. Бо калі крэдыт ужо аформлены, вы аўтаматычна не трапляеце пад новы указ аб субсідаванні № 240. Цяпер дапамогу у пагашэнні крэдыту і адсоткаў па ім могуць атрымаць маладыя шматдзетныя сем’і, пракурорскія работнікі, ды іншыя, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў. 

У чым розніца паміж двума ўказамі?

Адменены ўказ быў разлічаны на падтрымку маладых і шматдзетных сем’яў. Калі вы прэтэндавалі на такую субсідыю, то канкуравалі толькі з гэтымі катэгорыямі. У новым указе значна большы пералік атрымальнікаў. Тут і пракурорскія работнікі і нават ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. То бок канкураваць за атрыманне дапамогі на выплату крэдыту маладым сем’ям давядзецца і з… пракурорскімі работнікамі.

Колькі давалі і колькі дадуць

Тут ёсць свае плюсы: грошай дадуць болей. Сям’і з трыма дзецьмі дзяржава пагашае 15% па крэдыце, з чатырма дзецьмі ― 16%.

Маладым сем’ям па новым законе змогуць пагасіць 10% асноўнага доўга па крэдыце, сем’ям з трыма дзецьмі ― 95%, з чатырма ― 100%. Дзецям-сіротам пагасяць 35% асноўнага доўгу. Але ўсяго такая дапамога ёсць пакуль на 4000 кватэр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі