Непаўналетняга будуць судзіць за здзек з дзяржсімвалаў
Дом правасуддзя ў Брэсце / З архіву БЕЛТА
Хлопца абвінавачваюць у тым, што ён падчас пратэснай акцыі 23 верасня ў Брэсце паспрабаваў падпаліць дзяржаўны сцяг, а калі гэта не атрымалася, скамячыў і парваў яго. Сцяг ён прынёс з сабой.
Гэты ўчынак, паводле версіі следства і пракуратуры, абвінавачваны здзейсніў "з мэтай дэманстрацыі іншым грамадзянам свайго абразлівага і зняважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў".
Хлопец з Кобрына, да адказнасці раней не прыцягваўся: ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай. Вучыцца ў ССНУ.
"Прычыну для свайго ўчынку назваць не можа", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры. Справа аб здзеках з дзяржсімвалаў перададзеная ў суд.
На мінулым тыдні генпракурор Беларусі Андрэй Швед расказаў пра тое, што па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў распачата 657 крымінальных спраў. Абвінавачанымі прызналі каля 200 чалавек.
Следчы камітэт напярэдадні завёў яшчэ адну крымінальную справу адразу на 231 чалавека. Гэтых людзей падазраюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 1 лістапада. У гэты дзень у сталіцы прайшоў Марш супраць тэрору. Сілавікі жорстка разганялі мірных дэманстрантаў, выкарыстоўваючы светлашумавыя гранаты і іншыя спецсродкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.