“Незаконная” акцыя салідарнасці “законна” завяршылася затрыманнямі

Акцыю ля Акадэміі навук, падчас якой патрабавалі міжнароднага расследавання спраў зніклых, міліцыянты называлі супрацьзаконнай. Удзельнікі акцыі даказвалі, што супрацьзаконныя дзеянні міліцыі, якая не дазваляе ім гэтую акцыю правесці. (ФОТА) Акцыя пад лозунгам “Патрабуем міжнароднага расследавання спраў зніклых” прайшла сёння на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Аб жаданні правесці такую акцыю 16 жніўня лідэры беларускай апазіцыі заявілі праз тыдзень пасля паказу па НТВ першага фільма “Хросны бацька”. Але Мінгарвыканкам правядзенне не дазволіў. Нягледзячы на гэта заяўнікі акцыі не адступілі ад свайго намеру. Падрыхтаваліся і міліцыянты: на выхадзе з метро без тлумачэння прычын супрацоўнік міліцыі ў цывільным запатрабаваў ад карэспандэнта Еўрарадыё паказаць для праверкі заплечнік. Выбарачна правяралі і іншых людзей.



Увогуле, супрацоўнікаў міліцыі і таемных людзей у цывільным з рацыямі каля Акадэміі навук вечарам 16 жніўня сабралася ледзь не больш, чым тых, хто прыйшоў на акцыю. На гэта сярод іншага звярнуў увагу лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў: “Я лічу, што кожны чалавек мусіў прыйсці і спытацца: “Ці насамрэч вінаваты гэты чалавек (Лукашэнка — ЕРБ) у тым, у чым яго абвінавачвае расійскае тэлебачанне ці не вінаваты?” Вось у чым я бачу сэнс гэтай акцыі. І чаму маўчыць пракуратура Беларусі, запытаў няма ніякіх? І чаму адбываецца так, нібыта нічога не адбываецца? Я думаю, мы неяк паспрабуем адказаць на гэта пытанне. Але бачыце, тых, хто нашых забірае людзей, не менш, чым саміх нашых людзей. І вось гэта вельмі істотная маральная праблема нашага грамадства”.



Усяго ў акцыі ўзялі ўдзел каля двухсот чалавек. З партрэтамі зніклых — палітыка Віктара Ганчара, былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага — яны сталі ўздоўж праезнай часткі.



Міліцыянты адразу пачалі хадзіць уздоўж ланцуга і патрабаваць, каб людзі разышліся. Матывуючы гэта тым, што акцыя супрацьзаконная. З гэтым катэгарычна не пагадзіўся праваабаронца Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла: “Грамадзяне маюць права патрабаваць ад уладаў расследавання гэтых спраў, пошука гэтых асобаў і ўстанаўлення вінаватых у іх знікненні. І тыя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, якія тут гучаць, не грунтуюцца на законе”.

Еўрарадыё: “Калі зараз вас і тых, хто трымае гэтыя партрэты будуць разганяць, то менавіта дзеянні міліцыі будуць незаконнымі?”

Гары Паганяйла: “Незаконнымі будуць дзеянні міліцыі па разгоне сілай мірнай акцыі. Якая носіць мірны характар і яшчэ раз звяртае ўвагу афіцыйных ўладаў на неабходнасць расследавання спраў аб знікненні вядомы у Беларусі людзей”.



Пагадзіўся з гэтым меркаваннем і лідэр грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў.

Андрэй Саннікаў:
“Гэта абвінавачванне ў незаконнасці акцый, якія праводзяцца, мы чуем шмат гадоў. Гэта законная акцыя, гэта нашае права — мы патрабуем міжнароднага расследавання. І мы будзем такія акцыі рабіць, пакуль гэтага не адбудзецца. А гэта адбудзецца хутка”.



За акцыяй назіралі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Францыі, Чэхіі, Венгрыі, Літвы Эстоніі ды іншых краін. Тым не менш кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч лічыць, што выказваць сваё меркаванне па балючых пытаннях мы павінны перш за ўсё для саміх сябе, а не для амбасадараў.

Віктар Івашкевіч: “Тое, што робім зараз мы тут — гэта лепш, чым мы б нічога не рабілі. Прыслухаюцца да нас больш ці енш, але ў любым выпадку гэты будзе заўважна”.



А лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаў упэўненасць, што такой акцыяй людзі змагаюцца за бяспеку будучых праціўнікаў Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Анатоль Лябедзька: “Мы зараз змагаемся за бяспеку тых, хто кіне выклік Лукашэнку падчас прэзідэнцкай кампаніі. У дзевяностых гадах тых, хто меў намер кінуць, іх забівалі. Дзякуючы такім акцыям, хай яны былі і не шматлюднымі, іх перасталі забіваць. Так, турма — гэта не самае лепшае. Але гэта ўжо крок наперад. І тыя, хто пойдзе зараз — у іх павінны быць гарантыі бяспекі”.



Вынікам таго, што на акцыю гэтым разам сабралася значна больш людзей, чым звычайна, стала, на думку Лябедзькі, адсутнасць “хапуна”. Але палітык паспяшаўся з высновамі. Як толькі людзі, прастаяўшы з паўгадзіны ўздоўж праспекта, пачалі разыходзіцца, у лепшых традыцыях бандыцкіх разборак супрацоўнікамі ў цывільным быў выхаплены і закінуты ў машыну Яўген Афнагель. Спрабавалі такім жа чынам захапіць Паўла Юхневіча, але яго “адбілі”. Праўда, не надоўга – праз некаторы час яго такі затрымалі. Як стала вядома пазней, былі таксама затрыманыя актывісты “Еўрапейскай Беларусі” Максім Сяргіец, Антон Койпіш і Андрэй Малчан.



Увогуле, вельмі дзіўна паводзілі сябе хлопчыкі з рацыямі пад майкамі і расшпіленымі да рамяня на штанах кашулях – ставілі “рогі” ўдзельнікам акцыі, якіх здымалі фотакоры, гучна над нечым рагаталі і нахабна праходзіліся ўздоўж пляцоўкі памахваючы металашукальнікам. Нібыта насуперак ім кіроўцы машын, якія праязджалі па праспекце, сігналілі ў падтрымку ўдзельнікаў акцыі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі