Незалежныя эканамісты ўслед за Мінэканомікі прарочаць падзенне рубля
Леанід Злотнікаў разважае пра заяву намесніка міністра эканомікі Аляксандра Ярашэнкі наконт таго, што долар у наступным годзе можа каштаваць 22 тысячы рублёў.
Еўрарадыё: Як вы можаце ацаніць тыя лічбы, што агучыў спадар Ярашэнка? Ці сапраўды настолькі высокае запатрабаванне на фінансаванне дзяржаўных праграм і ці сапраўды гэта можа прывесці да такой дэвальвацыі?
Леанід Злотнікаў: Я згодны з Ярашэнкам. Бо ёсць праграма будаўніцтва новых фермаў, гэта вялікая праграма па развіцці малочнай жывёлагадоўлі і другая праграма, у якую дзяржава ўкладае шмат грошай – гэта праграма жыллёвага будаўніцтва. Насамрэч, калі гэтыя праграмы будуць фінансавацца (а яны будуць фінансавацца за кошт эмісійных крэдытаў), гэта значыць за кошт працы друкарскага станка, значыць будзе вельмі высокая інфляцыя.
Але апроч усяго іншага выкананне гэтых праграм будзе азначаць адток валюты з краіны, таму што пры ўзвядзенні будынкаў, пры набыцці абсталявання неабходныя імпартныя дэталі, камплектуючыя, матэрыялы, энергія. Гэтая валюта закладаецца ў фундамент і вернецца вельмі няхутка, а з жыллёвага будаўніцтва зусім не вернецца. Такім чынам будзе высокі адток валюты з краіны і зразумела курс валюты будзе ўздымацца.
Еўрарадыё: Спадар Ярашэнка назваў дзве лічбы. Спачатку ён сказаў, што спатрэбіцца эмісія ў памеры 30 трыльёнаў рублёў, каб задаволіць усе заяўкі, а напрыканцы выступу прапанаваў даць 12 трыльёнаў, з якіх 7 трэба дадрукаваць, а 5 атрымаць з выдадзеных раней крэдытаў. А на кім можна зэканоміць гэтыя 18 трыльёнаў?
Леанід Злотнікаў: Гэта ўсё адно выкліча інфляцыю, можа быць, не такую высокую, 33 і 12 гэта розныя аб’ёмы. Я думаю, што ў кожным разе варта адмаўляцца хаця б ад будавання жывёлагадоўчых фермаў, пачакаць пакуль будзе рэфармаваная сельская гаспадарка, бо ўсё адно гэтыя фермы будуюцца пад тое малако, што будзе прададзенае Расіі. Увогуле, ад гэтай праграмы можна было б адмовіцца. Можна было б адмовіцца і ад іншых праграм і не патрабаваць выканання жыллёвай праграмы на ўзроўні 2010 года, як запатрабаваў прэзідэнт. Можна скараціць і жыллёвую праграму, няхай бы таму, каму вельмі патрэбна, дзяржава дапамагла б.
Еўрарадыё: Для шараговага беларуса апроч дэвальвацыі і інфляцыі гэта будзе скарачэнне жыллёвага будаўніцтва. Ці будуць яшчэ нейкія наступствы?
Леанід Злотнікаў: Усё адно ўсе праграмы не згорнуць, штосьці будзе будавацца, а паколькі рэсурсаў у краіне на гэта зараз няма, то гэта будзе адбывацца як і сёння за кошт увядзення грашовай масы. А інфляцыя бярэ падатак з усіх, і з насельніцтва і з фірмаў і з прадпрымальнікаў.
Еўрарадыё: А лічба ў 22 тысячы рублёў – гэта не спосаб апраўдаць зацягванне пасаў?
Леанід Злотнікаў: Зараз ёсць разнагалоссе паміж урадам і Адміністрацыяй прэзідэнта. Мы памятаем, што Румас нядаўна заявіў, што ўвогуле жыллёвае будаўніцтва трэба зараз спыніць. А прэзідэнт пасля гэтага выклікаў да сябе Мясніковіча і запатрабаваў, каб аб’ем жыллёвага будаўніцтва захаваць на ўзроўні шасці мільёнаў, як летась. Мы бачым, што эканамісты ва ўрадзе больш рэальна падыходзяць да сітуацыі. Зараз ідзе лёгкая канфрантацыя ураду з прэзідэнтам і такія заявы – праява гэтае канфрантацыі.
Еўрарадыё: А як будзе выглядаць сітуацыя ў студзені?
Леанід Злотнікаў: У кожным выпадку гэта залежыць ад абставінаў. Прыкладна 10-12 тысячаў будзе каштаваць долар, дзесьці ў гэтых межах.