Нігерыйская хунта не збіраецца саступаць і закрывае паветраную прастору
У гэтыя дні краіны Еўропы эвакуявалі з Нігера сваіх грамадзян / Reuters
Нігерыйская хунта закрыла паветраную прастору над краінай "да далейшых паведамленняў", піша ВВС. Гэты крок хунта зрабіла, спаслаўшыся на пагрозу ваеннага ўмяшання суседніх краін.
Напярэдадні група заходнеафрыканскіх дзяржаў Ecowas запатрабавала аднавіць зрынутага прэзідэнта Махамеда Базума на пасадзе да нядзелі. У выпадку адмовы зрабіць гэта хунта можа сутыкнуцца з ваенным адказам, папярэдзіла Ecowas.
Базум быў зрынуты 26 ліпеня, а генерал Абдурахман Чыяні, што камандаваў прэзідэнцкай гвардыяй, пазней абвясціў сябе новым лідарам. Вайсковы пераварот быў асуджаны міжнароднай супольнасцю, Францыяй і астатняй часткай ЕС, а таксама ААН і ЗША.
Малі і Буркіна-Фасо — краіны, у якіх ва ўладзе таксама знаходзяцца вайсковыя хунты — наадварот, плануюць адправіць сваіх афіцыйных асоб у Нігер, каб выказаць салідарнасць.
Нігер — буйны вытворца ўрану — паліва, неабходнага для ядзернай энергетыкі. За Базумам ён быў ключавым саюзнікам Захаду ў барацьбе з ісламісцкімі баевікамі ў заходнеафрыканскім рэгіёне Сахель.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.