Noize MC: “Мы ўсім заўжды кажам: у Мінску самыя крутыя канцэрты!” (фота)
Музыкі прэзентавалі ў сталіцы Беларусі праграму “Неразбериха”, што выйшла два тыдні таму, і разбавілі яе “лепшымі хітамі” за 10 гадоў.
9 лістапада ў Мінск — ужо другі раз за гэты год — прыехаў Noize MC. Чарга на ўваход у клуб “Цэнтр” выстраілася ад Палацу Рэспублікі да самага праспекта Незалежнасці. “Тут нават пасля выбараў столькі народу не бывае!” — жартуюць фанаты.
На канцэрт сабралася блізу 600 чалавек. Для Noize MC у Мінску гэта не так і шмат. Але для таго, каб у сутарэннях “саркафагу” было чым дыхаць, і ніхто не сышоў пакрыўджаны, — у самы раз.
Канцэрт пачынаецца песнямі з альбома, які выйшаў два тыдні таму — тоўстым тролінгам ісламу (“Не надо было”) і тонкім сцёбам з праваслаўя (“Гой еси”). “Неразбериха” атрымалася лайтовай, больш хіп-хопавай, чым апошнія рэлізы Noize MC — “Новый альбом” і “Protivo Gunz”. “Пачалі пісацца рэпакі ў агромнай колькасці, пачала выбудоўвацца канцэпцыя пласцінкі, і стала зразумела, што яна будзе больш рэпавай, чым звычайна”, — тлумачыць лідар Noize MC Ваня Аляксееў у грымёрцы.
Студыйныя запісы ў жывым выкананні рэальна ажылі — набылі вагі і соку. Але чым далей, тым больш рабілася зразумелым, што новая праграма для гурта — не самамэта. Паміж трэкамі з “Неразберихи” з’яўляюцца песні з “Нового альбома” і старыя, правераныя часам баевікі: “Общага”, “Девочка-скинхед”, “За закрытой дверью”. Тонкім дзявочым голасам нехта з-пад сцэны ўвесь час патрабуе “Выдыхай” — спяваюць і яе.
Чым далей — тым глыбей у мінулае. Noize MC прыгадваюць трэкі, з якіх пачыналася іх сумесная творчасць, і мяняюцца інструментамі. Бубнач Павел Цяцерын бярэ ў рукі мікрафон, клавішнік і гітарыст Максім Крамар сядае за бубны... Словы некаторых трэкаў у зале не ведаюць. І гэта вельмі дзіўна: не проста асобныя гледачы, а некалькі сотняў гледачоў падпяваюць з першай песні!
У гэты вечар Noize MC крыху не дацягнулі да легендарных трох гадзінаў, якія звычайна доўжацца іх шоў. І музыкам гэта можна дараваць: на канцэрт у Мінск яны прыляцелі з Краснадару, “з гатэлю выязджалі ў чатыры гадзіны раніцы”. А ўжо на наступны дзень — выступ у Гомелі. Ваня Аляксееў прызнаецца, што з Беларуссю ў гурта склаліся асаблівыя, вельмі цёплыя стасункі: “Мы ўсім заўжды кажам: у Мінску самыя крутыя канцэрты!”
Улетку Noize MC увогуле шмат часу пратусілі ў нас, бо здымалі кіно… у Лынтупах! Але пра тое, якое ўражанне на гурт зрабіла беларуская глыбінка — у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё з Noize MC, якое з’явіцца ў панядзелак. А пакуль шукайце сябе на нашых фотах з канцэрта, калі вы былі ўвечары 9 лістапада ў клубе “Цэнтр”, і кусайце сябе за локці, калі вас там не было!