Нормы па эвакуацыі машын у Мінску ўздымаюць у пяць разоў
Так у цэнтры сталіцы будзе весціся барацьба з аўтамабільнай перагружанасцю і парушэннямі правіл паркоўкі.
“На цяперашнім этапе штомесяц ў Мінску эвакуюецца каля 1000 машын. У асноўным гэта цэнтральная частка горада. Далей працэс і задача пастаўлена такая, каб павялічыць месячную норму: эвакуяваць да 5000, 6000, 7000 тысяч аўтамабіляў, якія парушаюць правілы паркоўкі”, — заявіў Пётр Пруднікаў, галоўны інжынер УП “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі”.
У сталіцы існуе вострая праблема са стаянкамі. Днём за кожны кавалачак дарогі ў цэнтры Мінска вядуцца ледзь не сапраўдныя баі. Увечары ― немагчыма пакінуць аўто ўжо ў многіх дварах спальных раёнаў. Праз шэрагі няправільна запаркаваных машын не могуць прабіцца “пажарныя” і нават “хуткія”.
Тым не менш бюджэтныя новабудоўлі, якіх у Мінску большасць, дагэтуль праектуюць, не разлічваючы на належную колькасць машын. Замест гэтага аўтаматараў запалохваюць рублём, хоць колькасць парковачных месцаў ад гэтага не павялічыцца.
“Штраф за эвакуацыю аўтамабіля сёння складае 380 тысяч, суткі захоўвання на штрафстаянцы — 50 тысяч, і адна базавая (сёння — 130 тысяч) — гэта пакаранне за няправільную паркоўку”, — нагадвае Пётр Пруднікаў.