Новую вуліцу ў Брэсце хочуць назваць у гонар Кастуся Каліноўскага

Безыменная вуліца з'явілася пасля будаўніцтва новага моста праз раку Мухавец. Ініцыятар кампаніі Яўген Скрабец кажа, што назваць вуліцу імем Кастуся Каліноўскага варта ў гонар 150-годдзя паўстання 1863 года. Таксама, упэўнены маладафронтавец, гэта прыцягне  да беларускай гісторыі ўвагу замежных гасцей, наплыў якіх чакаецца на чэмпіянат свету па хакеі.



Скрабец: "Турыстаў цікавіць аўтэнтыка, нават у тых жа назвах вуліцаў. Калі ў турыста з'явіцца жаданне не ў бар пайсці, а даведацца пра краіну, ён будзе шукаць тое, што адлюстроўвае нацыянальную адметнасць гэтай краіны. Напрыклад, калі вуліцы носяць імёны нацыяльных нашых герояў, а не чужых".



Падпісацца за вуліцу Кастуся Каліноўскага можна на сайце анлайн-петыцый. Сабраныя подпісы будуць накіраваны на адрас афіцыйнага выдання гарвыканкама "Брестский вестник".



Як распавядала Еўрарадыё, займець "уласную" вуліцу хоча кіраўніцтва мытні. Гарадскія ўлады прапанову падтрымалі, аднак ухвалілі назву новай вуліцы на беларускай мове як "Таможная", а не "Мытная".



Канчатковае рашэнне пра назву прымуць напрыканцы года пасля грамадскага абмеркавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі