Новы фэст “Дружба”, вяртанне “Навальніцы” і стары фармат “Вольнага паветра”
Еўрарадыё даведалася, якія летнія фэсты чакаць у Беларусі і як зменіцца іх фармат.
Пачнецца новы фестывальны сезон Беларусі, як і летась, оўпэн-эйрам The Beatles Shabli. Арганізатары амаль скончылі ўсе неабходныя папяровыя справы і ўжо днямі абвесцяць асноўных удзельнікаў.
“Сёлета “Бітлз фэст” будзе праходзіць два дні. Пачнецца ён 31 траўня, — распавядае пра новаўвядзенні Ян Бусел. — Першы дзень мы вырашылі правесці ў старым фармаце: выступаюць кавер-бэнды з розных краінаў, якія маюць свой уласны погляд на творчасць The Beatles. А другі дзень мы цалкам аддаём беларускім гуртам, якія выконваюць рок-н-рол, то бок сваёй уласнай творчасцю працягваюць стылістыку ды тэматыку The Beatles”.
Адна з асноўных фестывальных пляцовак краіны — “Шаблі” — сёлета прыме толькі два оўпэнэйры. Гаспадар хутара Уладзімір Шаблінскі вырашыў засяродзіцца на аднаўленні згарэлага дома, але ад “Вольнага паветра” адмовіцца не здолеў. Праўда, ужо традыцыйна халаднаваты і дажджлівы жнівень прымушае арганізатараў перасунуць фестываль з канца лета на сярэдзіну.
“Гэта будуць па магчымасці бліжэйшыя выхадныя да Купальскай ночы, — сакрэтнічае Уладзімір. — Адпаведна, і музычная канцэпцыя будзе яшчэ больш заточаная пад архаіку і этніку. То бок будзе меней балкан-біта, але больш ціхага, удумлівага вяртання да каранёў, гісторыі зямлі і гісторыі народа. Таксама будзе вялікая і цікавая начная візуальная дзея. Але падрабязней пра ўсё — пазней”.
Культавы клубны фестываль “Купальскае кола” сёлета таксама можа пераўтварыцца ў буйны оўпэнэйр. А фальклорны фестываль “Камяніца”, хутчэй за ўсё, вернецца да аднадзённага фармату. Сілы на арганізацыю намётавага мястэчка сябе не апраўдалі. Дый столькі музыкаў, як было на леташнім юбілеі, не плануецца. Затое геаграфія оўпэнэйру паступова будзе пашырацца, пераконваюць арганізатары: да польскіх, украінскіх ды расійскіх гасцей сёлета, магчыма, дададуцца літоўцы.
Фестываль “Мост” зноў пройдзе на Баравой, але сёлета асноўная стаўка будзе зроблена на заходніх артыстаў.
“Хэдлайнер ужо пацверджаны і, думаю, прыхільнікаў року мы трошкі парадуем, — кажа адзін з арганізатараў фестывалю Андрэй Аляксееў. — Але назваць гэты гурт я пакуль не магу. Дадам толькі, што новы альбом яны плануюць выдаць у 2014 годзе, а папярэдні альбом у Вялікабрытаніі быў названы пласцінкай года. Натуральна, па ўзроўні гэта не Metallica, але дакладна шыкоўны індзі-гурт”.
Таксама “Мост” павялічыць “музычны” час: 3 ліпеня сцэны будуць працаваць да раніцы. Адбудуцца пэўныя змены і ў намётавым мястэчку, і ў фестывальных забавах, але пакуль гэта ўсё абмяркоўваецца.
Дакладна адбудзецца і фестываль “Пікнік.by”. Арганізатары абяцаюць шмат прыемных, сапраўды заўважных зменаў і для наведвальнікаў, і для ўдзельнікаў. Але пакуль таямніцы не адкрываюць.
1-2 жніўня пад Мінскам адбудзецца абсалютна новы буйны оўпэнэйр, які атрымаў назву “Дружба”. Арганізатары распрацоўваюць усё неабходнае для запуску рэкламы, але ўжо цяпер пераконваюць, што гэта будзе запамінальная падзея.
“Мы цяпер думаем наконт складу ўдзельнікаў, які, безумоўна, усіх уразіць, — кажа адзін з арганізатараў Антон Сасноўскі. — Гэта будзе сімбіёз беларускіх, заходніх і расійскіх музыкаў. Гэта будзе не канцэрт на адкрытым паветры, а сапраўдны фэст, з фестывальнай атмасферай, намётамі і г.д.”
Таксама сёлета ў Беларусь вернецца адзін з найпрыгажэйшых фэстаў — фестываль феерверкаў “Навальніца”. Яго фармат мяняцца не будзе. Адзінае, арганізатары вырашылі адмовіцца ад замежных хэдлайнераў і запрасіць толькі беларусаў.
Апроч буйных оўпэнэйраў, традыцыйна чакаецца і безліч дробных фестываляў, якія першапачаткова разлічаныя толькі на некалькі соцень чалавек. Сачыце за нашай афішай!