Новы прэзідэнт ФІФА таксама трапіў у скандальныя “панамскія дакументы”

Новы прэзідэнт ФІФА таксама трапіў у скандальныя “панамскія дакументы”

Новы прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) Джані Інфанціна таксама трапіў у скандальныя “панамскія дакументы”. Паводле глабальнага антыкарупцыйнага расследавання, ён падпісваў кантракт з бізнесменамі, злоўленымі на хабарніцтве. Гаворка пра Уга і Марыяна Хінкісаў, якія заключылі з ФІФА дамову на трансляцыю матчаў Лігі чэмпіёнаў, а потым перапрадалі гэтыя правы па ўтрая вышэйшым кошце.

Праўда, няма ніякіх доказаў, што Інфанціна здзейсніў правапарушэнне, падпісваючы гэты кантракт. Высокапастаўленая крыніца ў ФІФА паведаміла ВВС, што інфармацыю з “панамскіх дакументаў” павінны старанна прааналізаваць у Камітэце па этыцы.

У траўні мінулага года амерыканскія пракуроры сцвярджалі, што ўладальнікі кампаніі Cross Trading бацька і сын Хінкісы цягам некалькіх год плацілі мільёны долараў у якасці хабараў футбольным функцыянерам у Паўднёвай Амерыцы, каб танна атрымаць права на паказ шэрагу футбольных турніраў і затым перапрадаць гэтыя правы з большым прыбыткам.

Імя і прозвішча Джані Інфанціна пазначаныя ў кантракце з Cross Trading аб правах на трансляцыю ў Эквадоры матчаў еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў у прамежак паміж сезонамі 2006-2007 і 2008-2009 гадоў.

Cross Trading, афшорная кампанія, зарэгістраваная на маленечкім востраве Ніуэ ў Ціхім акіяне, заплаціла 111 тысяч долараў за гэтыя правы. Затым, згодна з “панамскімі дакументамі”, яна перапрадала гэтыя правы эквадорскай тэлекампаніі Teleamazonas за 311 тысяч долараў.

Таксама Cross Trading заплаціла 28 тысяч долараў за права на трансляцыю Суперкубка УЕФА, а затым перапрадала іх Teleamazonas за 126 тысяч долараў.

Ніхто не сцвярджае, што Інфанціна атрымліваў хабары ў сувязі з кантрактам 2006 года з Cross Trading, і няма ніякіх указанняў на тое, што Teleamazonas была нейкім чынам замешаная ў злачыннай дзейнасці. У той час Інфанціна займаў пасаду кіраўніка юрыдычнага аддзелу УЕФА.

УЕФА настойвае, што ўсе кантракты, заключаныя з Cross Trading, не парушалі ніякіх правілаў ці законаў, бо гэтая кампанія выступала ў ролі пасярэдніка для Teleamazonas. Правы на трансляцыю былі набытыя ў рамках адкрытага і канкурэнтнага тэндэру.

Таксама адзначаецца, што УЕФА падпісвае сотні кантрактаў на правы трансляцыі па тэлебачанні матчаў Лігі чэмпіёнаў, і кантракт з Cross Trading быў толькі адным з іх, і ўяўляў сабой нязначную частку прыбыткаў арганізацыі. 

Тым не менш гэтыя паведамленні могуць падарваць рэпутацыю як Інфанціна, так і ФІФА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі