Новы рэкорд: у Мінску прадаюць 10-пакаёвую кватэру больш чым за $1,1 млн
Гіганцкую дзесяціпакаёвую кватэру прадаюць у Мінску на вуліцы Масквіна. Агульная плошча кватэры з зімовым садам на другім паверсе складае 583 квадратныя метры.
Прадаўцы чамусьці адмовіліся назваць журналісту Еўрарадыё кошт кватэры. А рыэлтар Кацярына Благуш, якая заўважыла аб’яву аб продажы, распавяла, што кватэра прадаецца за 1 мільён 166 тысяч долараў: "Кошт за квадрат — дзве тысячы долараў".
Гэта самая вялікая кватэра з тых, што цяпер прадаюцца ў Мінску:
"Новы рэкорд: самая вялікая з вядомых. Мы неяк шукалі вялікую кватэру, але больш за 400 квадратных метраў наогул не бачылі", — распавяла Еўрарадыё Кацярына Благуш.
Папярэдні рэкорд "самай вялікай кватэры" быў у 500 квадратных метраў. З рамонтам, зімовым садам і рознымі зонамі адпачынку. Кватэра знаходзіцца ў суседнім доме ад новага рэкардсмена. Праўда, каштавала яна танней — “усяго” 600 тысяч долараў, па 1200 долараў за квадратны метр.