Новыя адкрыцці археолагаў у таямнічым горадзе індзейцаў мая (фота, відэа)
Адразу 19 стэлаў знайшлі ў старажытным горадзе Чактун на паўвыспе Юкатан. Яны адносяцца да культуры мая.
Падобныя стэлы вышынёй 2-3 метра і вагой да тоны старажытныя індзейцы выкарыстоўвалі для каляндарных разлікаў, а таксама для адзначэння важных падзей, войнаў і нараджэнняў кіраўнікоў.
Сам старажытны горад быў адкрыты літаральна некалькі дзён таму ў выніку працы ў джунглях археалагічнай экспедыцыі. Паводле папярэдніх ацэнак, там маглі жыць каля 40 тысяч чалавек. Росквіт горада прыпадае на 600-900 гады нашай эры. Навукоўцы знайшлі 15 пірамід, у тым ліку адну вышынёй 23 метры. Было вырашана назваць горад Чактун, што азначае "Чырвоны камень" альбо "Вялікі камень".
Археолагі сцвярджаюць, што тры стэлы вельмі добра захаваліся, яшчэ на сямі можна пабачыць старажытныя надпісы. На адной з стэл знойдзеныя сляды тынкоўкі, а гэта вельмі дзіўна, бо дадзены матэрыял у трапічным клімаце за такую колькасць гадоў не павінен быў захавацца, адзначае РІА "Новости".
Фота — Reuters