Новыя купюры па 5 і 10 рублёў з'явяцца ў Беларусі
Абноўленыя купюры па 5 і 10 рублёў з'явяцца ў абарачэнні ў Беларусі. Адпаведную пастанову прыняў Нацбанк.
Яшчэ ў верасні 2018-га Нацбанк анансаваў, што у 2019 годзе будуць дадрукаваныя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў, а ў 2020-м з'явяцца новыя купюры па 20 і 50 рублёў. Звязана гэта найперш з фізічным зносам купюраў.
Аднак гаворка ідзе не проста пра дадрукоўванне старых абтрапаных купюр. Іх выгляд крыху зменіцца, хаця асноўныя малюнкі на пярэднім і адваротным баках, а таксама іх каляровая гама і памер захаваюцца.
Паведамляецца, што выгляд будынкаў на купюрах будзе прыведзены ў адпаведнасць з цяперашнім іх выглядам. Акрамя таго, на адным з бакоў плануецца дапісаць іх назвы. Як вядома, на купюры ў 5 рублёў намаляваная Камянецкая вежа, а на 10-рублёвай — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку.
Таксама з абноўленых грошай, як мяркуецца, знікне рэквізіт "Старшыня праўлення" і подпіс Пятра Пракаповіча. Гэта звязана з тым, што з 2011 года Пракаповіч не з'яўляецца старшынёй праўлення Нацбанка.
Нацыянальны банк пакуль не паведаміў, як менавіта будуць выглядаць новыя купюры і ці ўсе запланаваныя змены будуць рэалізаваныя.