НТВ прадугадала, што трэба крамлёўскаму гледачу
Аналітыкі лічаць, што ў Мінску журналісты НТВ не выконвалі “крамлёўскі заказ”, але не выключаюць, што менавіта сёння такі рэпартаж быў бы запатрабаваны ў Маскве Палітычныя аналітыкі шукаюць адказ на пытанне — чаму НТВ збіралася здымаць фільм пра зніклых у нашай краіне дзесяць гадоў таму палітыкаў? І што стаіць за ўзварушэннем гэтай небяспечнай тэмы?
Нагадаем, напрыканцы тыдня беларускія спецслужбы прымусілі пакінуць Беларусь здымачную групу канала НТВ. Паводле афіцыйнай версіі, з-за таго, што маскоўскія журналісты не атрымалі адпаведную акрэдытацыю. Згодна са словамі аператара здымачнай групы НТВ Юрыя Бабенкі, супрацоўнікі спецслужбаў вельмі цікавіліся, з кім журналісты сустракаліся і пра што гаварылі.
Юры Бабенка: “Пыталіся пра тое, што здымалі, з кім гаварылі. Цікавіліся, пра што канкрэтна ішла гутарка”.
Вось толькі патлумачыць, чаму менавіта зараз, упершыню за 10 год, НТВ вырашыла звярнуцца да тэмы зніклых у Беларусі, ён не змог.
Юры Бабенка: “Гэтага я сказаць не магу. Я аператар: у мяне ёсць заданне і я яго выконваю”.
На думку ж палітолага Юрыя Шаўцова, за гэтым прыездам і выбарам тэмы НТВ стаіць не толькі журналісцкая цікаўнасць.
Юрый Шаўцоў: “НТВ даў заказ на стварэнне фільма паводле гэтай тэматыкі, па якой яны працавалі. А гэта ўжо сведчыць пра падрыхтоўку, прынамсі адным расійскім тэлеканалам, вельмі рэзкіх выступаў супраць Беларусі, якіх даўно ўжо не было”.
І гэта, лічыць эксперт, палітыка не тэлеканала, а новай расійскай палітыкі.
Юрый Шаўцоў: “Гэта вынік новай палітыкі расійскай. Яна абвешчаная зусім нядаўна, на розных узроўнях, рознымі чыноўнікамі агучаная. А менавіта: што трэба перастаць абапірацца ў краінах СНД толькі на дзейсную ўладу. Трэба шукаць кантактаў на розных узроўнях палітычных у краінах СНД. У тым ліку, сярод апазіцыі. І ствараць свае лабісцкія палітычныя структуры. А гэта азначае — ублытвацца ў палітычную барацьбу, у тым ліку супраць існуючай улады. Мне падаецца, праяву такой палітыкі мы і бачым на прыкладзе гэтых журналістаў”.
А вось загадчык аддзела Беларусі расійскага Інстытута краін СНД Аляксандр Фадзееў упэўнены, што ніякай палітычнай замовы журналістам НТВ з Крамля не паступала. Была проста журналісцкая цікаўнасць да вострай і актуальнай тэмы.
Аляксандр Фадзееў: “Тэма знікнення людзей не закрыта. Яна вельмі балючая і ставіць шмат пытанняў аб кампетэнтнасці ўлады, аб прафесіяналізме спецслужбаў Беларусі, якія не маглі раскрыць гэтыя злачынствы. А там яшчэ і вялікі палітычны падтэкст — знікалі палітыкі, непажаданыя рэжыму. Адпаведна, ёсць пытанні да самога палітычнага рэжыма Беларусі: “Як гэта магчыма?” Лукашэнка заўсёды ад гэтай тэмы стараўся ўхіліцца. З аднаго боку, ён казаў, што ён за тое, каб знайсці і пакараць злачынцаў. З другога — я не бачу, каб ён прымаў рашучыя крокі, каб знайсці і пакараць вінаватых у гэтых злачынствах. А яны адбыліся падчас яго кіравання. І ён нясе ўскосную альбо прамую адказнасць за гэтыя злачынствы”.
На думку расійскага аналітыка, такія “плямы” могуць мець для Лукашэнкі непрыемныя наступствы ў будучыні.
Аляксандр Фадзееў: “Калі браць прыклад суседняй Украіны, то нечаканыя знікненні журналістаў, іх забойства, палітычных дзеячаў — яны могуць знайсці працяг праз шмат гадоў”.
Беларускі аналітык Валерыя Касцюгова гаворыць, што журналісты проста добра адчулі кан’юнктуру палітычнага рынка.
Валерыя Касцюгова: “Думаю, што ў такіх выпадках СМІ не патрэбныя рэкамендацыі. Пагрозу ў адрас Лукашэнкі, пагрозы выцягнуць нейкія матэрыялы ФСБ, яны гучаць цягам апошніх двух тыдняў з зайздроснай рэгулярнасцю. Я думаю, што СМІ не тое, што атрымліваюць заказ на такія тэмы, а проста бачаць, што гэта было б патрэбна, гэта было б успрынята зараз”.
Касеты са знятымі ў Мінску матэрыяламі ў журналістаў НТВ канфіскавалі. Але, паводле слоў аператара Юрыя Бабенкі, абяцалі вярнуць. І калі кіраўніцтва расійскага тэлеканала не перадумае, фільм пра зніклых у Беларусі людзей будзе зроблены і паказаны. Магчыма, з адпаведнымі каментарамі саміх пацярпелых журналістаў, якіх таксама для “цёплай” размовы вывозілі ў лес.