Лідар КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк адрэагаваў даволі жорстка. Фактычна ён пайшоў далей за Паўла Севярынца. Тэкст пра сітуацыю з беларускім ПЭН-цэнтрам ён назваў "Асінае гняздо". Па версіі Пазняка, "пару дэвіантаў" развалілі арганізацыю.
"Відаць, упершыню адкрыта загучэла там нянавісць да Хрысціянства, да Бога і да ўсяго беларускага, — піша палітык. — ...Арганізацыю лепш распусціць як неспрыяльную культуры, свабодзе, дэмакратыі і беларускім нацыянальным інтарэсам".
Пазняк не верыць, што беларускі ПЭН-цэнтр распусціцца, бо гэта "рэжыму патрэбна, каб паздзекавацца з "свядомых", якія там "жужаць", хто лепшы педэраст". Дарэчы, ён прыгадаў, што калісьці Васіль Быкаў прымаў яго ў ПЭН-цэнтр.
Пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў адрэагаваў на сваёй старонцы ў Facebook. Ён піша, што беларускі ПЭН-цэнтр страціў рэпутацыю, якую калісьці меў, дзякуючы Васілю Быкаву, Алесю Адамовічу. Раду арганізацыі назваў "істэрычнай".
"Так, я магу пакінуць арганізацыю, якой ёсць сённяшні ПЭН, — піша Уладзімір Някляеў. — Але я не магу пакінуць ПЭН Адамовіча, Быкава, Барадуліна, Бураўкіна, Тараса, Шэрмана… Няхай яны сышлі з гэтага свету, але ад адказнасці перад імі за тое, што раблю, іх сыход мяне не вызваляе".