Някляева ў зоне вылетаў мінскага аэрапорта “атакавалі” журналісты СТВ
Перад пасадкай на самалёт у Варшаву, ужо ў зале вылету, палітыка Уладзіміра Някляева сустрэла здымачная група аднаго з каналаў дзяржаўнага тэлебачання. У зоне, куды немагчыма патрапіць без квітка на самалёт і пашпартнага кантролю, дзяржаўныя журналісты апынуліся і напаткалі Някляева нібыта “выпадкова”.
“Яны хацелі дазнацца, ці дадуць мне грошы, калі я прылячу ў Варшаву. Я сказаў, што ў мяне грошай дастаткова і я магу іх даць нават тым, да каго прылячу, бо ў мяне ва ўсім свеце цяпер выходзяць кнігі і я атрымліваю някепскія ганарары. Пасля яны хацелі ведаць, ці будзе патрабаванне з майго боку аб уводзе санкцый у дачыненні да Беларусі”, ― распавёў у каментары Еўрарадыё Уладзімір Някляеў.
Па словах палітыка, спачатку ён хацеў адмовіцца размаўляць, але разумеў, што рыхтуецца правакацыя, і таму адказаў на пытанні тэлевізійшчыкаў.
У Варшаву Някляеў ляціць для ўдзелу ў пасяджэнні польскага Сейма, дзе 23 сакавіка будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі.