Нямецкая паліцыя затрымала трох згоншчыкаў з Беларусі
Супрацоўнік нямецкай паліцыі / Reuters
Трох грамадзян Беларусі затрымала паліцыя Брандэнбурга ў момант згону недарожніка BMW X5. Адзін з іх паспрабаваў схавацца: на выкрадзеным аўто пратараніў паліцэйскі кардон і збочыў у лес. Яго шукалі з верталётамі і службовымі сабакамі. У выніку знайшлі і затрымалі.
Двух іншых "узялі" ў машынах суправаджэння, на якіх тыя "прыкрывалі" на маршруце руху скрадзены красовер", расказалі у прэс-службе МУС Беларусі.
Пры згоне фігуранты выкарыстоўвалі так званыя "вуды" — спецыяльныя прылады, якія дазваляюць счытваць сігнал з ключа, узмацняць яго і затым перадаць на вялікую адлегласць — да двух кіламетраў.
Там таксама падкрэслілі, што затрыманне стала магчымым дзякуючы ўзаемадзеянню нямецкіх і беларускіх праваахоўнікаў, беларускі бок падзяліўся з калегамі інфармацыяй аб згоншчыках. Пра іх вядома, што ім ад 23 да 30 гадоў. Прыехалі з Калінкавічаў, раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. У Германіі правялі як мінімум некалькі месяцаў.
"Дакладна вядома, што з верасня мінулага года і да затрымання яны паспелі выкрасці на тэрыторыі Нямеччыны 20 аўто агульным коштам больш за мільён еўра", — распавялі ў прэс-службе беларускага МУС.
Пакупнікоў на крадзеныя машыны яны знаходзілі ў краінах Еўрасаюза і СНД.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.