Няўдалы ўгоншчык забыўся дакументы на месцы злачынства (фота)
Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Няўдалы і крыху кур'ёзны ўгон аўтамабіля адбыўся ў Мінску. З заявай да міліцыянтаў звярнулася гаспадыня аўтамабіля "Фіят". Раніцай у прыпаркаванай на вуліцы Солтыса машыне жанчына пабачыла пашкоджаныя драты сістэмы запальвання і чужую сумку, паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.
Выявілася, што напярэдадні вечарам нецвярозы малады чалавек вяртаўся дадому з гасцей. Дабірацца яму было далёка, бо 23-гадовы хлопец жыў у Мінскім раёне. Па дарозе ён тузаў дзвярныя ручкі аўтамабіляў, міма якіх праходзіў. Адна з іх паддалася. Тады хлопец залез у салон і паспрабаваў запусціць рухавік з дапамогай дратоў. Аднак машына не завялася.
Няўдалы ўгоншчык урэшце расчараваўся настолькі, што забыў у "Фіяце" сумку з уласнымі дакументамі. Неўзабаве яго затрымалі.
Малады чалавек ужо быў судзімы за крадзеж. Цяпер на яго пачалі справу за спробу ўгону аўтамабіля. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Фота — guvd.gov.by