Олівер Стоўн планаваў зняць фільм пра Лукашэнку за 5 мільёнаў долараў
Фрагмент вокладкі прэзентацыі фільма
Галівудскі рэжысёр і сцэнарыст Олівер Стоўн планаваў зняць фільм пра Аляксандра Лукашэнку за 5 мільёнаў долараў, каб "абяліць" яго рэпутацыю. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне адмовіўся ад гэтай ідэі. Гэта вынікае з расследавання казахстанскага выдання “Власть” і Цэнтра па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю OCCRP.
Журналісты спасылаюцца на дакументы пра планы дакументаліста Ігара Лапацёнка, які разам з Оліверам Стоўнам выпусціў васьмісерыйны фільм пра Нурсултана Назарбаева. Мяркуецца, што Лапацёнак спадзяваўся завабіць аўтакратаў абяцаннямі палепшыць іх рэпутацыю на сусветнай арэне.
Напрыклад, у адной з прэзентацый прапануецца “паказаць шырокай аўдыторыі драматычную гісторыю сучаснай Беларусі і яе лідара ў момант, калі "ўвага ўсяго свету была засяроджана" на краіне". "Мы, стваральнікі фільма, верым у мудрасць і паслядоўнасць дзеянняў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі", — абвяшчае адзін з дакументаў. Ужо былі запланаваныя здымкі ў Беларусі. Але Расія ўварвалася ва Украіну, і Стоўн публічна асудзіў вайну.
Олівер Стоўн мусіў быць у фільме інтэрв'юерам. Замяніць яго ніхто не пагаджаўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.