Ордэн Францыска Скарыны маюць расійскі кампазітар і прэзідэнцкі Дзед Мароз

Ордэн Францыска Скарыны маюць расійскі кампазітар і прэзідэнцкі Дзед Мароз
Ордэн Францыска Скарыны маюць расійскі кампазітар і прэзідэнцкі Дзед Мароз

Ордэн Францыска Скарыны даюць за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветніцкай дзейнасці, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа.

Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагародзіў Аляксандр Лукашэнка расійскага кампазітара, аўтара песні “Буранаўскіх бабулек” Party for Everybody Віктара Дробыша. За што? Афіцыйная версія: “За высокі ўзровень творчасці, значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне беларуска-расійскіх культурных сувязяў”. Але ці падстава гэта для атрымання адной з вышэйшых узнагарод Беларусі?

Чытаем закон “Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь”. Паводле яго, ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца “за значныя поспехi ў галiне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаваннi гiсторыi Беларусi, дасягненнi ў галiне нацыянальнай мовы, лiтаратуры, мастацтва, кнiгавыдання, культурна-асветнiцкай дзейнасцi, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа; за асаблiвыя заслугi ў гуманiтарнай, дабрачыннай дзейнасцi, у справе абароны чалавечай годнасцi i правоў грамадзян, мiласэрнасцi i iншыя высакародныя ўчынкi”.

Вы бачыце ў законе, што ўзнагароджваць можна за “развіццё і ўмацаванне беларуска-расійскіх культурных сувязяў”? Я — не. Ды і казаць пра нейкае ўмацаванне тых сувязяў даволі складана. Хаця б таму, што Дробыш фактычна не супрацоўнічаў з беларускімі выканаўцамі. Калі не лічыць таго, што ў рэпертуары Руслана Аляхно ёсць адна песня гэтага расійскага кампазітара — “Сердце из стекла”, якую артыст выконваў дуэтам з Валерыяй. Больш нічога, апроч школьных летніх канікул у Лоеўскім раёне, Дробыша з Беларуссю не звязвае.

Вось толькі гэта не першы выпадак, калі ўзнагароджаны не зусім, скажам мякка, адпавядае ўзнагародзе. Асабліва ў галіне эстраднага мастацтва. Паглядзім гісторыю. Ордэн Францыска Скарыны быў заснаваны ў 1995 годзе. Але ўпершыню ім ўзнагародзілі трох чалавек у 1997 годзе: мастака Міхаіла Савіцкага, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балету Валянціна Елізар’ева, прафесара кафедры тэорыі і гісторыі мовы ўніверсітэта імя Танка Міхаіла Булахава. Але ўжо з 1998 года ў спіс узнагароджаных пачалі трапляць дзеячы, уклад якіх у справу менавіта нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння не зусім відавочны. Нават не будзем браць персон, кшталту Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Алексія ІІ, якога ў 1998 годзе ўзнагародзілі за “развіццё і ўмацаванне сяброўскіх сувязяў паміж народамі”. Паглядзім на дзеячаў шоў-бізнесу, якія атрымалі гэты ордэн.

2000 год — Аляксандра Пахмутава. З Беларуссю яе звязваюць песні “Беловежская пуща” і “Белоруссия” ў выкананні “Песняроў”, “В песнях останемся мы” — у выкананні “Верасоў”. 2006 год — Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў, Мікалай Гнацюк. Апроч выступаў на “Славянскім базары” ды камерцыйных тураў па Беларусі іх нічога з нашай краінай не звязвае.

2007 год — Юрый Антонаў. Тут больш заблытана: вучыўся ў Маладзечне, працаваў ў Вуячыча і Мулявіна. Але сам ніколі на беларускай мове не спяваў, у “прапагандзе культурнай спадчыны беларускага народа” заўважаны не быў, як і ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, ці ў справе абароны чалавечай годнасці і правоў грамадзян”.

Ідзем далей. 2012 год — Філіп Кіркораў. Ну, дапамагаў беларускім канкурсантам рыхтавацца да “Еўрабачання”. Але 6 месца на гэтым конкурсе Дзмітрыя Калдуна — адзіны і самы “значны поспех у справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі для Кіркорава. Гэта варта ўзнагароджання ордэнам? Відаць, так.

Ну, і на заканчэнне — Віктар Дробыш, 2015 год. Пра яго і Беларусь мы ўжо напісалі на пачатку.

Для параўнання: з вядомых беларускіх эстраднікаў ордэн Францыска Скарыны атрымалі толькі чацвёра: Ігар Лучанок у 1998 годзе, Уладзімір Мулявін у 2001 годзе і ў 2006 годзе — Васіль Раінчык, Анатоль Ярмоленка і Міхаіл Фінберг. Маем 7 супраць 5. Гэта яшчэ без уліку дырыжора сімфанічнага аркестра “Новая Расія” Юрыя Башмета — усё ж ён не зусім эстраднік.

Дарэчы, вы ведаеце, колькі беларускіх пісьменнікаў былі ўзнагароджаныя ордэнам Францыска Скарыны? Я знаходжу звесткі пра трох. І гэта не Васіль Быкаў ці Рыгор Барадулін, якія яшчэ былі жывыя на момант заснавання ордэна. Мала каму вядомыя пісьменнікі Васіль Ласковіч і Анатоль Сульянаў і беларускі паэт з польскага Беластока Віктар Швед.

Можа, прыйшоў час павялічыць спіс і дадаць у яго Нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч?

Цікава, што пра гэта думае ардэнаносец Васіль Раінчык.

“Гэта да такой ступені далікатнае пытанне… І ўвогуле, усім, звязаным з гэтым, павінны займацца людзі, якія валодаюць інфармацыяй. Ну, тое, што яна стала (Нобелеўскім лаўрэатам, — Еўрарадыё), гэта, канешне, добра — любая рэклама для Беларусі добрая. А што да пытання… Вы мяне што па музыцы спытайце, а тут, што я буду гаварыць… Толькі таму, што вы мяне ведаеце і што я нашу ордэн Францыска Скарыны? Ну, мне за мае музычныя заслугі далі. А так, мне даволі складана адказаць, бо я чуў, але не чытаў — я займаюся толькі музыкай, цяжка мне адказаць”.

Не здолеў адказаць на гэтае пытанне і яшчэ адзін ардэнаносец, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі ўніверсітэта імя Танка Васіль Старычонак.

“Я не ведаю, я не магу рэкамендаваць, бо трэба з чалавекам працаваць… Не, не магу сказаць. Трэба прааналізаваць факты, паглядзець. А так, адразу я не магу сказаць”.

Сапраўды, сказаць адразу, ці варты быць узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны першы і пакуль адзіны Нобелеўскі лаўрэат з Беларусі, даволі складана. І тут варта дадаць проста да ведама: гэтую ўзнагароду мае “артыст размоўнага жанру вышэйшай катэгорыі” Уладзімір Радзівілаў. Больш вядомы як Дзед Мароз “прэзідэнцкай ёлкі”.

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі