Орхускі камітэт зрабіў “разнос” Беларусі з-за Нёманскай ГЭС

Міжнародныя спецыялісты выявілі шматлікія парушэнні нормаў Канвенцыі пры будаўніцтве Нёманскай ГЭС і параілі змяніць заканадаўства.
У пачатку 2008 у Гродне пачалі будаваць Нёманскую гідраэлектрастанцыю з 10-метровай дамбай і рэзервуарам 43 кіламетры даўжынёй. Мясцовыя актывісты беспаспяхова запытвалі ў інстанцыях інфармацыю па праекце, а пасля падалі скаргу ў Міжнародны Орхускі камітэт.

3 жніўня Камітэт экспертаў Орхускай канвенцыі прадставіў беларускаму ўраду заключэнні па справе Нёманскай ГЭС. Міжнародныя спецыялісты адзначылі, што пры будаўніцтве аб'екта Беларусь парушыла нормы міжнароднай канвенцыі. Яны рэкамендуюць змяніць экалагічнае заканадаўства і адпаведныя адміністрацыйныя працэдуры.

Рашэнне міжнароднага органа будаўніцтва ГЭС не спыніць – яно ўжо амаль завершанае. Але яно мае іншае значэнне – аўтарытэтнае заключэнне аб недасканаласці беларускіх законаў і іх неадпаведнасці Орхускай канвенцыі, адзначае юрыст-эксперт украінскага аналітычнага цэнтра "Грамадства і наваколле" Андрэй Андрусевіч

І гэта тым больш важна, што праз месяц Камітэт будзе праводзіць слуханні па іншай беларускай справе – будаўніцтве АЭС. І рашэнне на Нёманскай ГЭС – яўнае абвяржэнне аптымістычных заяў беларускіх чыноўнікаў, што рашэнне па АЭС будзе станоўчым.

Андрэй Андрусевіч: "Само беларускае заканадаўства не адпавядае Орхускай канвенцыі. Калі па нёманскай справе шмат праблем з заканадаўствам, то і з АЭС, адпаведна, будзе падобнае заключэнне, Камітэт зробіць адсылку на свой аналіз беларускіх законаў".

Эксперт падкрэслівае, што нават калі беларускія чыноўнікі робяць у навакольнай палітыцы ўсё паводле закону, гэта непазбежна парушае міжнародныя дамоўленасці. Напрыклад, наша заканадаўства не прадугледжвае належнага інфармавання грамадзян пра экспертныя заключэнні і доступу да адпаведнай інфармацыі.

Вераснёвыя слуханні па АЭС будуць адрознівацца ад справы па ГЭС.

Андрэй Андрусевіч: "АЭС – больш цікавае, гарачае пытанне, бо гэта асаблівая сфера дзейнасці Канвенцыі. Удзел грамадскасці і будаўніцтва АЭС – гарачая, актуальная тэма. Таму слуханні ў верасні адназначна будуць адрознівацца да нёманскай справы".

Найбольш цікавым момантам будзе тое, як праходзіла абмеркаванне праекта АЭС з удзелам грамадскасці, кажа Андрэй Андрусевіч. Дарэчы, у афіцыйным лісце ў Камітэт ад Міністэрства прыродных рэсурсаў адзначаецца, што на грамадскіх слуханнях у Астраўцы "удзельнічалі 813 чалавек, і ўсе зацікаўленыя мелі магчымасць выказаць сваё меркаванне", а расійскага навукоўцу Андрэя Ажароўскага затрымалі "за парушэнне грамадскага парадку".

На здымку: Краснаярская ГЭС (Расія)

Даведка Еўрарадыё:

Канвенцыю "Пра доступ да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што маюць дачыненне да навакольнага асяроддзя" (Орхуская Канвенцыя) Беларусь падпісала ў 1998 годзе. Згодна з ёй, наша краіна мусіць своечасова і ў даступнай форме інфармаваць зацікаўленую грамадскасць па пытаннях навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад пачатку працэдуры прыняцця рашэнняў.

Глядзі таксама:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі