“Оскар-2021”: галоўныя намінанты “года без кіно”

“Оскар-2021”: галоўныя намінанты “года без кіно”

25 красавіка ў Лос-Анджэлесе адбудзецца 93-я цырымонія “Оскар”. Сёлета прэмія вельмі асаблівая, як і сам мінулы год. 

Праз пандэмію COVID-19 амерыканскія кінатэатры былі зачыненыя на працягу ўсяго 2020-га. Каб набраць дастаткова намінантаў, Амерыканская кінаакадэмія дазволіла ўдзельнічаць у оскараўскай гонцы фільмам, прэм’ера якіх адбылася анлайн на стрымінгавых платформах.

У выніку найбуйнейшы ў свеце стрымінгавы сэрвіс Netflix атрымаў на “Оскары-2021” 35 намінацый у 16 катэгорыях, у тым ліку 2 намінацыі на “Найлепшы фільм” (за карціны “Манк” і “Суд над чыкагскай сямёркай”). Але “традыцыйныя” кінакампаніі таксама застаюцца пры справе: у Disney 15 намінацый, а на прэмію ў катэгорыі “Найлепшы фільм” ад холдынга прэтэндуе “Зямля качэўнікаў”.

Стрымінг-платформы ўжо перахапілі лідарства ў галівудскіх мэйджараў (буйных студый), але яшчэ не дамінуюць у галовах у кінаакадэмікаў. Напрыклад, яны праігнаравалі стужку Netflix “Пяцёра адной крыві”, якой на хвалі руху Black Lives Matter прадказвалі барацьбу за перамогу. Не апынуліся сярод намінантаў у катэгорыі “Найлепшы фільм” яшчэ два анлайн-рэлізы: “Ма Рэйні” (Netflix) і “Адной ночы ў Маямі” (Amazon Prime).

Сюрпрызам стала тое, што ў фантастычнага баевіка Крыстафера Нолана “Довад” — бадай што, адзінай гучнай прэм’еры 2020-га — толькі дзве тэхнічныя намінацыі. Еўрарадыё разбіраецца ў тэндэнцыях і фаварытах самай пафаснай кінапрэміі свету.

“Манк”

(10 намінацый, у тым ліку — “Найлепшы фільм”, “Найлепшы рэжысёр”, “Найлепшы акцёр”)

Фільм Дэвіда Фінчэра – сінефільскі рэверанс класічнаму Галівуду: размоўная драма ў манахроме з наўмысна старамоднымі эфектамі кшталту наплываў і камбінаваных здымак. Але сюжэт актуальны дагэтуль праз засілле ў ім жоўтай прэсы і прагі танных сенсацый. 

Герман Манкевіч (Гэры Олдмен) — вядомы драматург, які піша сцэнар для “Грамадзяніна Кейна” — фільма, які распачаў рэжысёрскую кар’еру Орсана Уэлса і ўвайшоў у гісторыю Галівуда як эталонны твор класічнай эпохі. Манк знаходзіць у пісьменніцтве адпачынак ад цяжкіх зносін з аўтарытарнымі і аўтарытэтнымі магнатамі і прадзюсарамі.

 

“Мінары”

(6 намінацый, у тым ліку — “Найлепшы фільм”, “Найлепшы рэжысёр”, “Найлепшы акцёр”)

Мінулагодні трыумф “Паразітаў” відавочна прыцягнуў увагу ўсяго свету да паўднёвакарэйскага кіно. “Мінары” — карціна пра пакуты карэйскай сям’і сярод бяскрайніх стэпаў штата Арканзас, гісторыя нацыянальная па прыкметах, але глабальная па сутнасці. 

Муж шмат гадоў возіць сям’ю па амерыканскай перыферыі, беспаспяхова намагаючыся стварыць уласны бізнес. Фільм, падавалася б, пра распад шлюбу і крушэнне ілюзій. Але глядач назірае за адаптацыяй сям’і ў грамадстве вачыма хлопчыка, які спазнае свет без цынізму. Пазітыўны фон стварае і сакавітая карцінка, якая вяртае гледача ў бесклапотнае дзяцінства, дзе заўжды светла, цёпла, ёсць што есці і дастаткова часу для забавак.

 

“Шматабяцальная дзяўчына”

(5 намінацый, у тым ліку — “Найлепшы фільм”, “Найлепшы рэжысёр”, “Найлепшая актрыса”)

Фільм рэжысёркі-дэбютанткі Эміральд Фенэл вяртае да жанру rape and revenge (помста за гвалт). 30-гадовая Кэсі працуе барыста ў кавярні і жыве з бацькамі, хоць у медыцынскім універсітэце ёй прадказвалі паспяховую кар’еру. Штотыдзень яна прыкідваецца ўшчэнт п'янай, каб спакусіць юрлівых хлапцоў. А пры спробе гвалту дае зразумець, што кантралюе сітуацыю. Такім чынам дзяўчына спрабуе справіцца з псіхалагічнай траўмай маладосці. 

Сюжэт недвухсэнсоўна падтрымлівае ахвяраў гвалту і ўпікае грамадству, для якога “гвалтаўнік заўжды вінаваты” — усё яшчэ не аксіёма.

 

“Зямля качэўнікаў”

(6 намінацый, сярод якіх — “Найлепшы фільм”, “Найлепшы рэжысёр”, “Найлепшая актрыса”)

Рэжысёрка Хлоя Чжаа зняла фільм пра моцную жанчыну, якая ў самоце спрабуе выжыць пасля страты працы (прадпрыемства закрылася) і мужа (анкалогія). Галоўная зорка “Зямлі качэўнікаў” — Фрэнсіс Макдорманд (“Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры”). 

“Зямля качэўнікаў” — адначасова псіхалагічная драма, грамадскае выказванне і роўд-муві па-за часам пра суровую сутнасць аднапавярховай Амерыкі, дзе кожны сам за сябе ў гонцы за месца вышэй на сацыяльнай лесвіцы. Што значыць для качэўнікаў адсутнасць нерухомасці праз эканамічны крызіс, але наяўнасць адчування дома праз гармонію ў душы?

 

“Яшчэ па адной”

(2 намінацыі, у тым ліку — “Найлепшы рэжысёр”)

Томас Вінтэрберг — малодшы паплечнік Ларса фон Трыера па “Догме 95”, які заўжды цікавіцца стасункамі чалавека з соцыумам. Камерная алкадрама пра “прынцаў паддацкіх” апісвае культуру спажывання алкаголю, якая, на жаль, дагэтуль папулярная і сярод многіх беларусаў: “Калі на стале ў Даніі з’яўляецца алкаголь, людзі не развітваюцца, пакуль не асушаць бутэлькі”. 

Чацвёра сябрукоў, якія стаміліся ад ідылічнага жыцця, “шалеюць з раскошы” і ставяць над сабой алкагольны эксперымент. Мадс Мікельсэн тут абаяльны нават у вобразе вечна п'янага выкладчыка ў атачэнні калег, што пакутуюць на крызіс сярэдняга ўзросту. 

 

Беларусь: шмат амбіцый, мала карысці

Беларусь чарговы раз апынулася за межамі спіса намінантаў. Сёлета ў катэгорыі “Найлепшы фільм на замежнай мове” беларускі оскараўскі камітэт вылучыў “Урокі фарсі” рэжысёра Вадзіма Перальмана — амбіцыйны праект некалькіх краін, здымкі якога адбываліся пераважна ў Бабруйску.

Паводле сюжэта “Урокаў фарсі”, бельгійскі габрэй, каб выжыць у канцлагеры, выдае сябе за перса, які навучыць фарсі аднаго з нацысцкіх кіраўнікоў. Карціну лічылі па-галівудску выверанай тэхнічна, але аўтары праекта не змаглі даказаць амерыканскім кінаакадэмікам, што большая частка творчай групы прадстаўляе Беларусь. Таму акадэмікі нават не сталі разглядаць стужку ўсур’ёз.

 

Альтэрнатыўным кандыдатам была падлеткавая драма Улады Сяньковай "ІІ". Але беларускі оскараўскі камітэт спыніўся на “Уроках фарсі”.

Не пашчасціла Беларусі і ў катэгорыі “Найлепшы кароткаметражны фільм”, дзе мы спадзяваліся на карціну Аляксея Палуяна “Возера радасці” паводле рамана Віктара Марціновіча. Пасля перамогі на прэстыжным фестывалі Los Angeles Shorts “Возера радасці” аўтаматычна кваліфікавалася ў прэтэндэнты на “Оскар”. Але ў фінальнай дзясятцы намінантаў стужцы Палуяна не знайшлося месца.

Летась Беларусь дасылала на “Оскар” фільм “Дэбют” Анастасіі Мірашнічэнка, у пазамінулым годзе — “Хрусталь” Дар’і Жук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі